Яўген Ангалюк – практыкуючы фатограф і відэаграф у Берасці. Ён займаецца рознымі здымкамі і не абмяжоўвае сябе пэўным жанрам, нядаўна ён зняў серыю відэа, якія прысвечаны прыгажосці начнога Берасця.

Гэты праект добра перадае атмасферу начнога горада, яго рух, яго “сэрца”, дапамагае пабыць у моманце і атрымаць асалоду ад цудоўных, маляўнічых краявідаў.
Начныя вулачкі, парк, набярэжная, фантаны, Савецкая, вулічныя музыкі, утульныя кавярні і кафэ, загадкавы свет ліхтароў, людзі і іх шчырыя, непадобныя эмоцыі, бяскрайняе неба – усё гэта знайшло адлюстраванне ў цыкле відэа.

“Задумка з’явілася з ідэі “Родны кут”, які сабраў даволі шмат водгукаў і абмеркаванняў, захацелася працягнуць, але трохі ў іншым выглядзе, вырашыў памяняць радыкальна і зрабіць уначы.” – зазначае Яўген.
Такія праекты былі і раней, але здымкі праходзілі ў дзённы час, таксама ёсць яшчэ адно адрозненне: начныя відэа былі знятыя “з рук“, а ва ўсіх папярэдніх працах выкарыстоўваўся штатыў.

“Я выбіраўся вечарамі ў горад і гуляў па цэнтры, дзе падабалася спыняўся і стараўся захаваць, вядома выбар месцаў часта дыктаваўся ілюмінацыяй, калі яна была, шанцаў патрапіць у кадр у гэтага месца было больш 🙂 колькасць зыходных файлаў даволі вялікая, у раёне 250 шт.”
Праект меў на мэце паказаць знаёмыя месцы ў начным абліччы, пад іншым, нязвыклым вуглом, паказаць прыгажосць і непаўторнасць Берасця.

У бліжэйшы час у планах Яўгена – зрабіць больш падрабязныя відэа менавіта яго любімых месцаў.

Падпісвайцеся на Instagram Яўгена.

