Будзь актыўным

Алесь Родзін: футурызм, якога больш не будзе

Да 5 кастрычніка ў Выставачнай зале на Савецкай можна пабачыць работы выбітнага мастака берасцейскага краю Алеся Родзіна ў праекце «Гібернацыя. Выхад». На жаль, майстра не стала тры гады таму, але яго палотны пагружаюць нас у ірацыянальны свет будучыні і даюць невычарпальную крыніцу для фантазіі. Таму агульная рэкамендацыя: выстава – тое, што трэба паспець убачыць у кастрычніку.

З партрэта мастака на нас глядзіць просты немалады чалавек у спяцоўцы. Тонкі твар прарэзаны глыбокімі маршчынамі. Ніякага намёку на узвышанасць. Але, магчыма, гэта самы дзіўны і непрадказальны майстар апошняга часу, які тварыў на нашай зямлі, атрымаў прызнанне ў краіне і за мяжой. Яго сыход не застаўся незаўважаным. І гэтая выстава – даніна памяці майстру, які больш не створыць новага.

Алесь Родзін – мастак шматжанравы. Яго рэалістычныя карціны – пра восень і ўвяданне, на авангардысцкіх палотнах заўсёды мноства дэталяў, нюансаў, слаёў. І маштаб уражлівы – на паўсцяны. Глядзіш здалёк – бачыш горад, наблізішся – узнікае абсалютна новы мір.

Родзіна не надта клапацілі ганарары. І калі ён не хацеў, каб работа асела ў прыватнай калекцыі, проста ставіў непамерны кошт на ўзроўні цаны аднапакаёўкі ў Берасці. Спрацоўвала.

Яшчэ пры жыцці майстар атрымаў прызнанне за мяжой. У Нідэрландах яго запрашалі на сямейныя вячэры, а ў Берліне ён быў адным з тых, хто тварыў ў знакамітай прасторы «Тахалес»: у 1992 годзе ў будынку былога ўнівермага быў адкрыты арт-цэнтр для мастакоў. Яны настойвалі на тым, каб будынак прызналі помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Але ў 2012 годзе мастакоў сілай высялілі з цэнтра ў сувязі з продажам будынка. Алесь Родзін быў у ліку тых майстроў, якія працавалі і выстаўляліся ў «Тахалесе».

Але Родзін – гэта заўсёды асаблівы выпадак. І кожная яго работа, нават выключна футурыстычная, заўсёды з жыцця. Напрыклад, яскравае палатно «Усёвіднае вока» – нібы гімн востраму зроку, які павінен быць у мастака. Родзін напісаў яе пасля таго, калі яго сябар і калега перастаў бачыць, некалькі гадоў Алесь вадзіў яго па клініках, на жаль, дарэмна.

Кожны з нас, вядома, знойдзе ў кожнай працы свой водгук. Трэба толькі ўважліва паглядзець. І яшчэ амаль тыдзень у нас ёсць магчымасць зрабіць гэта, прыйшоўшы ў Выставачную залу на вул. Савецкай.