А вы ўмееце рабіць сырнікі?
Разумеем, што рэцэпт просты – тварог, мука, цукар, яйка. А цяпер уявіце, што разнастайнасцяў гэтай высокабелковай стравы можа быць шмат, напрыклад, салодкія, з начынкай, несалодкія са шпінатам і часнакова-смятанковым соусам… У прасторы «Bona» вось ужо другі раз прайшоў майстар-клас па гатаванню сырнікаў. І, здаецца, ёсць жадаючыя на трэці.


Гастранамічная прастора «Bona» з’явілася ў Брэсце не вельмі даўно. Наталля Басавец задумалася пра тое, што ёй цікавей несці сваё кандытарскае мастацтва ў масы, чым ствараць шэдэўры для конкурсаў. Знайшлі памяшканне, сабралі каманду і запусцілі прастору, у якой ёсць месца не толькі кулінарным эксперыментам, але і мерапрыемствы па душы. За час існавання ў прасторы прайшлі вечарыны з абмеркаваннем фільмаў, сустрэчы з псіхолагамі, урачамі…

Але вяртаемся да сырнікаў.
– Мы вырашылі арганізаваць гэты майстар-клас, таму што быў запыт, – расказвае Наталля Басавец. – Вызначылася, многія не ўмеюць прыгатаваць сырнікі прыгожымі, смачнымі і каб не развальваліся. Але ж для гарнага выніку дастаткова ведаць некалькі лайфхакаў.
Напрыклад, для сырнікаў вельмі важна не пераборшчыць з мукой, каб захаваць тварожны смак. Наталля рэкамендуе рысавую муку, бо яна надае цесту паветранасць. Каб надаць вырабу прыгожую форму, дастаткова дакладна адмерыць кожны кавалак цеста (у нашым выпадку 60 гр) і раскачаць сырнік унутры шклянкi.

Спачатку ўдзельніцы майстар-класу паводзяць сябе сціпла і саромеюцца нават растапіць той жа цукар для карамелі. Але з часам кожная праяўляе свае інтарэсы. «Ой, а можна я буду замешваць цеста на салодкія сырнікі?» – пытаецца адна ўдзельніца, і вакол стала пачынаюцца перамяшчэнні. Для таго ён і майстар-клас, каб няспынна шукаць тое, што больш табе падабаецца.



Калі звычайная страва прыелася, можна змяніць рэцэптуру і дадаць начынку. Напрыклад, цэдра лімона і мак надаюць сырнікам вытанчаны прыемны водар, а вішнёвая начынка (марожаная вішня + крахмал) дадае такой своечасовай кіслінкі.



Топавай стравай на майстар-класе сталі сырнікі са шпінатам – несалодкі варыянт з часнакова-смятанковым соусам уласнага прыгатавання. Эстэтыка на вышэйшым узроўні, як і смак.




Пасля таго, як удзельніцы майстар-класу пасмажылі сырнікі на патэльнях, прыйшоў час дэгустацыі. Элегантны посуд, гарбата або кава на выбар і сырнікі, прыгатаваныя і ўпрыгожаныя сваімі рукамі вось толькі што. А ў кампаньёнах – тыя, з кім ты разам вымешвала цеста.






Дата наступнага майстар-класу яшчэ не вызначана. Але па запыце ўсё будзе. А цікавасць ёсць.

