Будзь актыўным

Ігар Пашэчка: «Я прадзюсер яшчэ з дзіцячага садка»

Чаго не адняць у Ігара Пашэчкі – гэта пачуцця гумару. Калі папрасілі расказаць пра свае тэатральна-музычныя праекты, ён запытаў: «Вам за які перыяд? Пачынаючы з дзіцячага садка?» Мы папрасілі абмежавацца апошнімі пяцью-шасцю гадамі. Але пра дзіцячы садок таксама было цікава.

— Я як старэйшы брат у вялікай сям’і, дзе шмат стрыечных братоў і сясцёр, прадзюсерскай дзейнасцю заняўся з маладога ўзросту. І пастаянна ў нас былі канцэрты, відэасалоны, чым мы непазбежна радавалі бацькоў. Усё гэта, вядома, працягвалася і ў школе, піянерлагеры. Так што вопыт у мяне вялікі.

Калісьці артыст выступаў у калектыве пад назвай «СТПЦ», пасля была драм-рок студыя. Цяпер жа мы ведаем Ігара Пашэчку як аднаго з вакалістаў і заснавальнікаў «FLAT-квартэта». Прыкметна, што аснова ўдзельнікаў ва ўсіх гэтых калектывах захоўвалася,  проста трохі мяняўся курс дзейнасці. Але мы заўсёды ведалі: калі на афішах гэтыя імёны, то мерапрыемства пройдзе душэўна і ў добрай кампаніі.

Неўзабаве, калі хочаце якасна і прыгожа правесці вечар, абірайце праект, які прыдумаў Ігар Пашэчка. Гэта і канцэрт, і спектакль, і ўсё разам. Апошнія пяць гадоў Ігар з сястрой Ірай Пашэчка актыўна выступаюць з праектам «FLAT-квартэт», які па саставе, праўда, ператварыўся ў квінтэт, бо ў ім пяць удзельнікаў, але назву вырашылі не мяняць. У лістападзе «Флэту» пяць гадоў.

Дзейнасць Ігара не абмяжоўваецца толькі асабістымі выступленнямі. За апошнія некалькі гадоў пры яго ўдзеле ўвасобіліся ў жыццё вельмі арыгінальныя кватэрнікі – на пляжы шале «Грынвуд» і на даху лялечнага тэатра, – дзе выступаюць музыкі розных жанраў і накірункаў (глядзiце наш рэпартаж).

Пачалося ўсё таксама з тэатра. У снежні 2020 года в тэатры драмы паставілі навагодні спектакль «З першым снегам» па п’есе Ігара і Ірыны Пашэчкаў. Ён ствараўся на працягу двух гадоў, пісаўся па рэальных гісторыях людзей і задумваўся як навагодняя казка для дарослых. А потым узнікла ідэя рабіць невялікае «пасляслоўе» да спектаклю ў тэатральным бары. Гэта, кажа Ігар, і дало штуршок да развіцця кватэрнікаў розных відаў.

Улетку 2021 года «FLAT-квартэт» атрымаў запрашэнне выступіць у рэстаране шале «Грынвуд». Ігралі ў стылі рок-н-лав, усім спадабалася, і ў адміністрацыі шале з’явілася новая ідэя: трэба рабіць канцэрт на пляжы.

— Тады ў нас атрымалася вельмі камернае мерапрыемства, прыйшло нямнога чалавек. Але слава пайшла, і неўзабаве мы паўтарылі канцэрт, а потым разам з адміністрацыяй пляжа вырашылі, што такія мерапрыемствы можна праводзіць рэгулярна і з рознымі выканаўцамі. Зараз там выступаюць «Слайды», Ксенія Аксюцік, «Біг стайл бэнд», «Грузді». Гэтыя летнія канцэрты ператвараюцца ў сапраўдны пляжны фестываль, у перапынках паміж сэтамі мы размаўляем з людзьмі, сустракаем старых сяброў, з якімі не бачыліся гадамі. Гэта вельмі магутная гісторыя. Без ценю сумнення скажу: дзякуючы «Грынвуду» у мяне ёсць лета.

А ў гэтым годзе Ігар Пашэчка рэалізаваў сваю даўнюю задумку зрабіць серыю канцэртаў на даху тэатра лялек. Ідэя пазычаная: у свой час на даху выступалі «Бітлы», а ў перыяд COVID гэтую ідэю бліскуча ўвасобіў Аляксандр Разенбаум. Ён жа прыдумаў тэрмін – «накрышник». І зноў Ігар не планаваў рабіць з гэга маштабны праект, усё склалася само сабой. Дамовіліся з дырэктарам тэатра Тамарай Паўлюковіч, яна горача падтрымала ідэю, падчас канцэртаў на дах пераносіўся тэатральны бар. Камерная атмасфера, захад сонца і музыка… Спачатку выступіл сам Ігар са сваім сябрам і пастаянным паплечнікам Уладзімірам Маслоўскім, а калі з’явіліся станоўчыя водгукі, пачалі планаваць серыю канцэртаў сяброў – «ІРА», Улада Філіпава і Юрыя Карагоды, Чэкуні, Уладзіміра Віцебскага, «ViKet Project» і іншых выканаўцаў Берасця.

Рэзоннае пытанне: што ж далей. Лета скончылася, і вулічныя праекты сыходзяць у спячку. Але Ігар не сумуе. Ужо 15 кастрычніка, у Дзень маці, у Палацы культуры прафсаюзаў пройдзе новы сумесны праект артыстаў горада «Мамы». Чакаецца, што гэта будзе не разовае выступленне. Канцэрт можа таксама перарасці ў нешта большае, як ужо здарылася з падобнай ініцыятывай «Мужчынскія песні», калі на кожным канцэрце выступаюць розныя людзі, але нязменнай застаецца ідэя.

Таксама на зіму запланаваны зусім традыцыйны праект «Сняговыя песні». Карты па ім не раскрываюцца, але за анонсамі трэба сачыць. Ну і некаторыя ідэі пакуль існуюць толькі ў думках і на кампутары. Пра гэта мы даведаемся ўжо хутка. Сочым за гарадскімі афішамі!