Дзецікава & co

Керамічны вела-пленэр з Анкай Абрамчык

 

 

Як у Берасці можна цікава і творча правесці вольны час? На гэта можна знайсці адказ у Анкі Абрамчык – керамісткі і стваральніцы студыі керамікі “Тутачкі”, якая правяла керамічны вела-пленэр.

Падчас планавання праекта Анка вырашыла сумясціць усё тое, што падабаецца ёй самой – прырода, кераміка, ровар і прыемныя людзі. Так усё цудоўна і скалалася ў адзіны класны пазл.

Па словах Анкі ідэя ўзнікла тады, калі яна часта стала чуць ад людзей пытанні: “куды схадзіць ці чым яшчэ заняцца ў Берасце акрамя баўлення часу ў кавярні?” , “няма кампаніі на роварныя пакатушкі”.

“Як я кажу “ўсе мы тутачкі, мы ў Берасці” і можна быць за адной справай разам з незнаемымі людзьмі адначасова з усіма і з самім сабой. Гэта крута, што ў мяне атрымліваецца сабраць разам абсалютна розных людзей, каб ім было цікава і камфортна, а яшчэ даць магчымасць паспрабаваць нешта новае ў жыцці, пазнаёміць з керамікай і правесці цікава час. Гэта кайф!”

Было запланавала правесці некалькі сустрэч у рамках гэтага праекта для жыхароў Берасця.

Удзел маглі прыняць усе жадаючыя, трэба было толькі запісацца. Узрост 16+

У выніку былі розныя ўдзельнікі – ад першакурснікаў да пенсіянераў.

“Жадаючых было вельмі шмат, нават быў рэзервовы спіс на выпадак форсмажораў у ўдзельнікаў, якія запісаліся, але усе, як выдатнікі вучобы, былі на ўсіх сустрэчах 

Каму нажаль не хапіла месца – чакаю на будучых мерапрыемствах, раю сачыць за старонкай ў інстаграме. Буду старацца рабіць яшчэ нешта цікавае ў Берасці.”

Пляцоўкай для пленэра стала возера Соя. Гэта даволі блізка да горада, але разам з тым – спакойнае месца для зазямлення і лепкі.

“Праект я рабіла сама. Удзельнікі таксама дапамагалі: хтосьці разгрузіў мяне і вёз некаторыя рэчы, хтосьці – каробкі з вырабамі да майстэрні, і, канешне, усе падрыхтаваліся да пікніка” – распавядае Анка Абрамчык.

Асаблівасцю стала тое, што ўсе незнаёмыя людзі лёгка сталі знаёмымі, кожны ўдзельнік атрымаў добры настрой і прыемна правёў час летам. Таксама асаблівасцю стаў наватарскі фармат мерапрыемства.

“У нас былі майстар-класы па кераміцы ў фармаце пленэра. Мы ўсе разам каталіся на роварах, а потым на прыродзе ляпілі з натуральнай гліны. У перапынках атрымлівалі асалоду ад ласункаў на пікніку, прыгожай прыроды, цішыні і лета. Падчас лепкі гутарылі на розныя тэмы, абменьваліся ўражаннямі, фотаздымкамі, карыснымі ведамі ды лайфхакамі ў розных сферах, і пра вандроўкі, грыбныя поспехі, цікавыя месцы ў горадзе, адукацыю ды кнігі і проста жыццёвыя прыколы :)”

Пасля керамічных пленэраў адбылася фінальная сустрэча ўсіх удзельнікаў, якая прайшла ў фармаце вела-квэста па Берасці: Анка Абрамчык зрабіла мапу з цікавымі і гістарычна-знакавымі месцамі нашага горада. Усе ўдзельнікі атрымалі мапу на старце і адправіліся ў падарожжа на роварах.

На фінальнай кропцы стваральніца івента ўжо чакала ўсіх на пікнік з гатовымі керамічнымі прыгажосцямі, якія ўдзельнікі зляпілі на пленэрах.

“Мы ўсе разам абменьваліся ўражанннямі ад гатовых работ і керамікі ў цэлым, многа смяяліся і гутарылі, пілі гарбатку ды дэгуставалі ласункі і сала 🙂

Было вельмі цёпла і дружна разам.”

Майстар-класы прайшлі лепш, чым проста “добра”. Яны сапраўды адрымаліся вельмі класнымі, прыемнымі, актыўнымі, пазітыўнымі, яшчэ і карыснымі для ўдзельнікаў.

Анка распавядае, што яна і іншыя ўдзельнікі разам прыйшлі да цікавага вываду, што пасля сустрэч яны развітваліся, як у дзяцінстве ў канцы змены ў летнім лагеры: усе абдымаюцца, крыху сумуюць, што ўсё заканчваецца, але абяцаюць сустрэцца зноў наступным летам!

Хай так і будзе 🙂

Фінальная сустрэча таксама была вельмі цікавай. Для некоторых месцы на мапе былі незнаёмымі ў гісторыі ці незаўважнымі ў горадзе, таму падчас мерапрыемства атрымалася паказаць розны Берасце і яго прыгажосць.

“Сумесны пікнік і фінальная сустрэча – гэта суцэльнае задавальненне і радасць унутры. Столькі прыемных слоў і ўсмешак людзей. Ах!

Самой крыху сумна было, што “ўсё” заканчваецца і трэба развітвацца 🙂

Вельмі радая таму, як у мяне ўсё атрымалася арганізаваць і правесці.

Вельмі радая, што столькі зацікаўленных людзей прыйшло і вялікая колькасць людзей яшчэ хацела трапіць.

Унутры вялікая падзяка і радасць усім і усяму, што адбываецца. Шчаслівая я!”

У планах на будучыню – знаёміць жыхароў Берасця з керамікай і прыгажосцю гэтага мастацтва, рабіць цікавыя сацыяльныя і добрыя праекты ў горадзе. Анка дзеліцца сакрэтам: ёсць некалькі новых ідэй 🙂 і дадае: Дзякуй усім, хто цікавіцца і прымае ўдзел!

Сачыце за старонкай і навінамі  @tutachki.studia 💛