Будзь актыўным

Козатэрапія па-беларуску

А вы ведалі, што ёсць такі накірунак у лячэнні, як козатэрапія?
Наша гераіня Наталля Строк таксама не ведала, пакуль аднойчы ёй не сказалі пра гэта… наведвальнікі яе сядзібы, што завiталi падчас роварнага падарожжа. На той момант Наталля даглядала за некалькімі дзесяткамі козачак, шмат вывучала па гэтай тэме і хацела, каб людзі падзялялі яе цікавасць да гэтых жывёлаў. А пачалося ўсё прыблізна пяць год таму, калі Наталля паміж жыццём у Аўстрыі альбо Беларусі абрала Беларусь.

Зазiрнем крыху раней. Па мамінай лініі Наталля руская, але ў 1992 годзе, калі мянялі пашпарты, апынулася на тэрыторыі Беларусі і атрымала грамадзянства нашай краіны. У 1996 годзе пачала развіваць бізнэс у Белаазерску: спачатку невялікая макаронная фабрыка, потым рэстаран… Але ў другой краіне жыла сям’я, прыйшлося выбіраць. Наталля вырашыла быць мамай, бізнэс прадала, а праз пару гадоў даведалася, што новы ўладальнік яго закрыў.

— У мяне бацька аўстрыец, частку свайго жыцця я пражыла ў Аўстрыі, — расказвае Наталля. — Нейкі час жыла і працавала на дзве краіны. Тут як прадпрымальнік, у Аўстрыі перакладчыкам і экскурсаводам. Але зараз, калі выраслі чацвёра нашых дзяцей, мы з мужам зразумелі, што хочам абаснавацца менавіта тут. Усё ж выраслі ў савецкім менталітэце, i, нягледзячы на наяўнасць сваякоў у Еўропе, добрае веданне мовы, я не адчувала сябе там дома. А тут… Я адношу сябе да шчаслівых людзей, таму што знаходжуся побач з тымі, хто блізкі мне па духу. Мае дзеці — зусім іншыя, яны з дзяцінства жывуць ў Аўстрыі, мяркую, мае сыны думаюць на нямецкай мове. Я ж заўсёды хацела вярнуцца. І знайшла справу, якая захапіла мяне цалкам.

У 2021 годзе Наталля падала заяўку на конкурс «Развіццё турыстычнага патэнцыялу ракі Ясельда», на якi прапанавала ідэю стварэння агракомплексу з козамі. Ніхто не верыў, што праект выйгрышны. Але ўсё атрымалася, ідэя ўвайшла ў лік 12 пераможцаў і атрымала фінансаванне.

Тады ў сядзібе «Дары матулі» з’явіліся першыя 50 жывёл, а ўжо ў наступным годзе комплекс прымаў турыстаў. І толькі ў канцы 2024 года сядзіба атрымала прыстаўку «агра-».

Наталля прызнаецца, што яна зусім не вясковы жыхар, і шмат чаму вучыцца да гэтага часу. Яе вялікая сям’я — муж і чацвёра дарослых дзяцей — працягваюць жыць на дзве краіны. Муж завяршае свае службовыя справы, зарабляе грошы на развіццё сядзібы, каб з часам вярнуцца на Радзіму. Дзеці выраслі і атрымалі адукацыю ў Аўстрыі, раз’ехаліся, у старэйшай дачкі ўжо ўласная сям’я, а сыны па чарзе знаходзяцца ў Беларусі і дапамагаюць маме з яе разрастаючайся гаспадаркай – сёння на тэрыторыі жыве больш за сотню козачак сямі парод.

– Усе мае дзеці дапамагаюць галоўным – ідэямі. Нават калі жывуць за некалькі тысячаў кіламетраў ад Беларусі. Увогуле ў нас тут цэлая каманда, якая адказвае за свой фронт работы. Таму мне падаецца, што ў нашай ідэі ёсць будучыня, калі побач столькі неабыякавых людзей.

А Наталля тым часам пашырае пералік аказваемых паслуг.

— Мы не тая сядзіба, у якой можна начаваць. Пакуль не тая. Мне бліжэй зараз фармат майстар-класаў і арганізацыі абедаў.

Сярод паслуг сядзібы — спілкаванне з козачкамі, запрашэнне на абед, дэгустацыя фермерскіх сыроў, якіх ужо дзесяткі відаў, кулінарныя майстар-класы. Ну і, вядома, ўласная прадукцыя на продаж — сыры розных відаў і эксклюзіўныя чаі.

Сваіх козачак Наталля ведае па імёнах, вызначае характар і настрой. Гэтая любоў перадаецца і наведвальнікам аграсядзібы: многія адзначаюць, што нават калі прыязджаюць не ў самым добрым настроі, то пасля каммунікацыі з козамі ён непазбежна паляпшаецца. Навуковых абгрунтаванняў гэтаму няма. Толькі вопыт.

— Мы пастаянна развіваемся, — расказвае Наталля. — І пастаянна ўкараняем нешта новае. Таму, магчыма, людзі да нас вяртаюцца, турфірмы з задавальненнем прывозяць турыстаў. А якія фотасессіі атрымоўваюцца з нашымі прыгажунямі! Проста неверагодна!