Будзь актыўным

Выстава з самога дзяцінства

Мы ўсе калісьці былі дзецьмі, і час ад часу нам хочацца вярнуцца ў той час. Нядаўна ў Берасці адкрылася ўнікальная выстава, якая прапануе нам паглыбіцца у атмасферу дзяцінства. У гульнёвым пакоі «Гараж» 25 верасня адкрылася рэтравыстава педальных аўтамабіляў з прыватнай калекцыі Аляксандра Хільковіча. Трапіць на выставу можна па папярэдняму запісу ў інстаграм-акаўнце Retro.car.brest.

Аляксандр расказвае, што пачаў цікавіцца тэмай з 2014 года. І за гэты перыяд у яго захавалася дастатковая колькасць самых розных мадэляў – аўтамабілі, ровары, самакаты. Усё – выпушчанае для дзяцей у СССР.

Сярод мадэляў ёсць даволі рэдкія і ўнікальныя. Напрыклад, дзіцячы педальны трактар «Тонкі». У зале ён вісіць пад столлю. Гэты экзэмпляр Аляксандр знайшоў у вельмі плачэўным стане пад Шчучынам. На тэрыторыі Беларусі такіх засталося толькі 3-4. А машына «Лайка» наогул, магчыма, існуе ў адзіным экзэмпляры ў калекцыі берасцейца.

На выставе ёсць педальная машына «Масквіч» першай серыі, якую можна ўбачыць у фільме «Іван Васільевіч мяняе прафесію».

Усяго ў Аляксандра каля 50 машын, столькі ж ровараў, ёсць самакаты, грузавікі. У халодны перыяд калекцыя звычайна захоўваецца ў асабістым гаражы, а летам выязджае на розныя выставы, фестывалі прафесій, іншыя мерапрыемствы такіх жа аматараў дзіцячых рэтра-аўтамабіляў. Выстава ў гульнёвым пакоі «Гараж» у вежы ЦУМа – магчымасць паказаць сваю калекцыю берасцейцам i  закахаць у сваё захапленне людзей.

Калекцыя папаўняецца пастаянна. Але вельмі многія машыны чакаюць рэстаўрацыі, няма запчастак, таму, калі ў вас ёсць якія-небудзь аўтамабілі з дзяцінства і яны вам не патрэбны, Аляксандр з задавальненнем прыме іх.

Сам Аляксандр прызнаецца, што яго дзяцінства прыйшлося на галодныя 1990-я гады, пра педальную машыну даводзілася толькі марыць. Але два ягоныя сыны Арцём і Максім падзяляюць хобі бацькі, пастаянна ездзяць з ім і з яго машынамі на мерапрыемствы і маюць права першага тэст-драйву аўтамабіляў пасля аднаўлення.

Дзяцінства не мае геаграфіі і гісторыі, яно проста існуе. І вельмі важна захаваць пра яго памяць. Такія выставы, магчыма, вельмі дапамагаюць у гэтым.