Аднойчы берасцеец Ягор Шашкоў вырашыў, што прыйшоў час стаць бліжэй да зямлі, і набыў дом у вёсцы Яцкавічы Брэсцкага раёна. У перыяд ізаляцыі вёска стала сапраўдным выратаваннем. Ягор – аматар бегу, рэгулярна выязджае на старты ў іншыя гарады і краіны, удзельнічае ў бегавых чэленджах і іншых мерапрыемствах. Але пакуль быў каранцін, перамяшчэнні абмежавалі, прыйшлося даследаваць мясцовыя бегавыя маршруты і славутасці – сядзібу ў Грымячы, касцёл у Воўчыне, каплiцу ў Ракавiцы ды іншае…

Тры гады таму Ягор пасябраваў з мясцовай інтэлігенцыяй – дырэктарам базавай школы ў Яцкавічах Аляксандрам Кірыковічам і кіраўніком мясцовага клуба Ганнай Адамчык. У iх нарадзiлася спачатку ідэя, а пасля – сапраўдны вялікі бегавы праект, які двойчы на год збірае больш за сто аматараў бегу.
– Планаў не было ніякіх. Хацеў запрасіць сяброў у госці пабегаць, – расказвае Ягор. – У размове з дырэктарам выйшлі на тэму, што можна зрабіць такі забег і для дзяцей. Мне хацелася, каб ўсе адчулі атмасферу сапраўдных забегаў: з уручэннем медалёў, узнагароджваннем пераможцаў, прызамі.

Ягор з сябрамі ўзялі на сябе падрыхтоўку прызоў і медалёў, размецілі маршрут. У дзень Х дзяцей падзялілі на дзве ўзроставыя групы, паставілі стартавую арку – і пачаўся самы эмацыйны забег у гісторыі кампактнай вёскі Яцкавічы. Дзеці не ўмеюць хітрыць і халтурыць у такія моманты – на дыстанцыі хоць бы ў 500 метраў ці кіламетр яны выкладваюцца на ўсе 100 адсоткаў. І трэба было бачыць слёзы шчасця ў тых, хто змог, і расчаравання ў тых, каму не ўдалося дайсці да прызавога месца.



Следам за дзіцячым стартам адбылася сяброўская прабежка па лесе і навакольных вёсках, у якой удзельнічалі ў тым ліку выкладчыкі школы. Пасля гэтага ўзнікла ідэя праводзіць падобныя сустрэчы двойчы на год, вясной і восенню. З’явілася ў гэтых мерапрыемстваў і свая назва – «Яцкавіцкія прасторы».

– Першыя старты прайшлі выключна на грамадскіх пачатках. Мая жонка Воля пякла піражкі і пячэнне са штампоўкай забегу. Аднойчы яна спякла 150 піражкоў з капустай за два вечары. Здаецца, гэта цягне на рэкорд раёна як мінімум. Ну і піражкі гэтыя вось ужо паўгода ўспамінаюць добрым словам усе ўдзельнікі таго забегу. Сябар Пеця, такі ж вар’ят-бегун, распрацоўваў лагатып для медалёў. Мы запрасілі фатографа, які зрабiў яскравыя фота дзяцей. Кіраўніцтва школы дамовілася з мясцовым ААТ «Астрамечава», і ў нас з’явіліся дадатковыя прызы і сапраўдная салдацкая грачаная каша на абед пасля забегу. Фармацэўтычнае прадпрыемства «Экзон» прадаставіла гематаген i вітаміны, якімі дадалi стартавыя пакеты. «Фрост» забяспечыў вадой на дыстанцыі і фінішы. Настаўнiк фiзкультуры правеў разам з найбольш вопытнымi удзельнiкамі івэнту размінку… А фірмовая ўха ад дырэктара школы пасля заканчэння спаборніцтваў стала візітоўкай усяго мерапрыемства. Мы трымаем марку і паказваем дзецям, як выглядаюць топавыя лёгкаатлетычныя старты. Спадзяемся, каго-небудзь з гэтых малых ідэя зацягне настолькі, што ён зробіць бег часткай свайго жыцця, як гэта атрымалася ў мяне і маіх сяброў.


А з 2025 года забег у Яцкавічах уключылі ў штогадовы каляндар мерапрыемстваў раёна. З аднога боку – прыемна. З другога – больш адказнасці. Цяпер разам з дзіцячымі забегамі пачалі праводзіцца і дарослыя. І вясной агульная колькасць удзельнікаў пераваліла за 150 чалавек. У забегу жадаюць удзельнічаць дзеці з суседніх вёсак – у Яцкавічах школа базавая, і многія пасля дзявятага класа пераходзяць вучыцца ў суседнія населеныя пункты. Афіцыйны статус дадаў больш магчымасцяў для спонсарства. Аказалася, з Яцкавічаў выйшла даволі вялікая колькасць прадпрымальнікаў, і яны з радасцю адклікнуліся на прапанову роднай школы паўдзельнічаць у мерапрыемстве ў якасці партнёраў. Напрыклад, апошні раз удзельнікі частаваліся духмянымі булачкамі ад кампаніі «Перфект». Ну і сельгаспрадпрыемства актыўна працягвае дапамагаць забегу.


У «Яцкавіцкіх прастораў» ўжо сфарміраваўся свой уласны стыль. Стартавыя пакеты – у крафтавых шоперах. Медалі – выключна на драўлянай аснове, фотазона з сельскім каларытам і з саламянымі капялюшамі…
– У мяне ёсць уяўленне аб тым, як арганізаваць прабег. Але мы працягваем вучыцца ў «старэйшых» братоў. Стараемся наведваць у тым ліку і лакальныя забегі ў невялікіх гарадах. Напрыклад, пад Гродна ў Жытомлі штогод праводзіцца старт, прымеркаваны да 9 Мая. Свае традыцыі ёсць у Маларыцкага марафону. Аднойчы – мне хочацца ў гэта верыць – традыцыйным стане наш забег у Яцкавічах.

Бліжэйшыя «Яцкавіцкія прасторы» пройдуць 25 кастрычніка. Чакаецца яшчэ больш удзельнікаў і думак, куды рухацца далей. У перспектывах перагледзець трасу для дарослых удзельнікаў, зрабіць яе крыху даўжэйшай і больш трэйлавай (з пераадоленнем натуральных перашкод і струменчыкаў). Але, вядома, самае галоўнае жаданне – дарасці да сапраўднага вялікага забегу з электронным хронаметражом і традыцыямі.
Калісьці марафон у Нью-Ёрку пачаўся з простай сяброўскай прабежкі вакол Цэнтральнага парку. Сёння гэта мерапрыемства сусветнага ўзроўню, каб трапіць на якое, трэба адбрацца як хуткі атлет альбо выйграць у латарэю (а латарэя дае права толькі аплаціць слот). Слоты на трэйлавы забег GRUT у Яраслаўлі расхопліваюцца за гадзіны, і людзі выстройваюцца ў чаргу, каб аплаціць удзел.
Як думаеце, ёсць такія перспектывы ў забегу ў Яцкавічах?

