Берасце — месца, кожны куточак якога напоўнены прыгажосцю, галоўнае – умець яе заўважаць. Настасся Цуба стварыла серыю друкаваных налепак, якая перадае непаўторнасць ліхтароў нашага горада.


“Мяне зваць Настасся, па прафесіі я архітэктар. У вольны час я люблю маляваць“ — расказвае яна і дадае:
“Ліхтары мяне вабяць даўно. Мне падабаецца кантраст яскравага святла на фоне цёмнага неба. Спачатку я малявала ліхтары ад рукі, потым узнікла ідэя стварыць друкаваныя налепкі з ліхтарамі Берасця.
Стыкеры я рабіла сама: шукала прыгожыя фатаграфіі ў інтэрнэце для рэфэрэнсаў, а некаторыя фотаздымкі — рабіла самастойна.”

У нашым горадзе сапраўдная разнастайнасць ліхтароў: цэлая вуліца Гогаля, сквер старых вулічных ліхтароў у гарадскім садзе, а таксама шмат прыгожых ліхтароў на вуліцы Савецкай — яны сталі сапраўднай візітнай карткай Берасця.
Ідэя праекта — паказаць і перадаць прыгажосць ліхтароў, захаваць памяць у выглядзе стыкерпака не толькі для мясцовых жыхароў, але і для турыстаў.

Пасля публікацыі фотаздымкаў з налепкамі ў Instagram з’яўляюцца водгукі, каментарыі, людзі цікавяцца, як іх набыць.
“У будучыні планую пашырыць калекцыю, бо ў Берасці яшчэ шмат ліхтароў, вартых увагі і натхнення.”
Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Настассі, каб быць у курсе новых цікавых праектаў.




