Берасце – разнастайны і цікавы горад, Берасце – наш дом і толькі ад нас залежыць, наколькі ўтульна і прыемна нам будзе праводзіць тут час, сустракацца з сябрамі і знаёмымі, жыць і натхняцца.
Менавіта для таго, каб зрабіць горад больш чыстым, прыгожым і добраўпарадкаваным Вольга Асмалоўская (Ірмера) і правяла свой івэнт, які адбыўся 16 верасня і сабраў нераўнадушных берасцейцаў дзеля важнай і патрэбнай справы.

“Гэтыя клумбы мы высаджвалі 3 гады таму разам з усімі, хто адгукнуўся на маю ідэю аб стварэнні ў Берасці Аптэчных агародаў.” – распавядае Вольга.
Аб правядзенні івэнта яго ўдзельнікі даведаліся праз Інстаграм: на сваёй старонцы Вольга Асмалоўская запрашала ўсіх далучацца да сустрэчы.
Падчас сустрэчы усе ахвотныя прыбралі тэрыторыю вакол кветнікаў у двары Карбышава 37., правялі стрыжку кустоў і дрэў, падмялі ўсе дарожкі, прапалолі клумбы, пасадзілі мяту, якой там вельмі падабаецца, а таксама дадалі яшчэ духмяных раслін: шалфею, кацямяткі, чабару.
А потым, пасля заканчэння добраўпарадкавання двара, адбыўся невялікі фуршэт з хатнім хлебам і гароднінай са свайго ляснога агарода, з мяты з духмяных агародаў быў прыгатаваны смачны ліманад. Таксама ўдзельнікі пікніка збіралі вінаград проста ў двары і частавалі ўсіх жадаючых.

“Прайшло ўсё як заўсёды душэўна, цёпла. У мяне ў цэлым вельмі прыемныя людзі ў асяроддзі і я вельмі радая, што на такіх сустрэчах яны знаёмяцца паміж сабой, а многія потым працягваюць зносіны і далей.
Мэта сустрэчы – гэта, вядома ж, жаданне давесці да ладу нашы клумбы і проста пагутарыць у асяроддзі людзей, якія з любоўю ставяцца да раслін і да роднага горада.” – зазначае Вольга Асмалоўская і дадае:
Сустрэчы на кветніках, як і іншыя фіта-сустрэчы абавязкова яшчэ будуць, але ўжо ў наступным годзе. А пакуль няхай нашы расліны рыхтуюцца да зімоўкі, бо ў іх важная місія ў наступным годзе – натхняць сваёй прыгажосцю і карысцю і ўлюбляць жыхароў і гасцей у роднае Берасце.

Падпісвайцеся на старонку Ірмеры ў Інстаграм, каб не прапусціць новыя цікавыя івенты.




