Dzeцікава і co

Фіта-пікнік дзеля Берасця

Лясы нездарма называюць зялёнымі лёгкімі планеты: дрэвы прыносяць вялікую карысць нашай зямлі і таму яны асабліва неабходныя ў гарадах.

Вольга Асмалоўская (Ірмера) правяла фіта-пікнік у Берасці, які адбыўся 22 верасня ў Гарадскім садзе.

“Ідэя была ў тым, каб сабрацца ў гарадскім садзе на паляне, дзе ў красавіку гэтага года мы высадзілі 40 дрэў, паглядзець, як яны выраслі за лета і замяніць 3 лістоўніцы, якія загінулі, на новыя, што я спецыяльна вырошчвала ў чыгунах, каб высадзіць, бо лістоўніцы дрэнна прыжываюцца пры перасадцы.”

Фіта-пікнік быў для ўсіх жадаючых, былі не толькі тыя, хто вясной высаджваў дрэвы, але і новыя ўдзельнікі.

“Мы сустрэліся, пазнаёміліся з тымі, хто быў упершыню. Абышлі ўсе нашы дрэвы, пагаварылі аб карысці дрэў і асаблівасцях вырошчвання дрэў у гарадскіх умовах. Потым высадзілі 3 лістоўніцы з кантэйнераў, пасля гэтага ў нас адбыўся пікнік на пледах у асяроддзі дрэў. Пагаварылі, вядома ж, аб раслінах, аб агародах і дамовіліся абмяняцца насеннем. Я паабяцала пачаставаць усіх удзельнікаў штырыйскім гарбузом і яго голанасеннымі семачкамі, каб у наступным годзе такія гарбузы былі ў кожнага. Таксама ўдзельнікі прапаноўвалі насенне сваіх раслін адзін аднаму.”

Івэнт прайшоў на пазітыўнай ноце, ён сабраў разам людзей, якія захапляюцца раслінамі, якія гатовы дзяліцца і дапамагаць адзін аднаму.

“Галоўная філасофія мерапрыемства – аб’яднаць людзей, якія захапляюцца раслінамі, натхніць навакольных на вырошчванне раслін, дрэў, а таксама даць зразумець, што высадка дрэў – форма клопату аб тваім горадзе.

Маленькія крокі – гэта шлях да вялікага.

Нашы дрэвы ў гарадскім садзе – форма прызнання ў любові да Берасця.”

Падпісвайцеся на старонку Ірмеры ў Інстаграм, каб заўсёды быць у курсе цікавых падзей.