Наш край, несумненна, багаты на таленавітых людзей. Але часцей за ўсё ў фокус нашай увагі трапляюць мужчыны: у іх гонар называюць вуліцы, праспекты і знакавыя месцы, імі ганарацца, а самае галоўнае – пра іх усе ведаюць, яны застаюцца ў людской памяці.
Берасцейскія жанчыны прыносяць славу гораду і вобласці, яны самабытныя, яскравыя, творчыя і мэтанакіраваныя і заслугоўваюць, каб пра іх ведалі і гаварылі больш.
Менавіта таму быў распачаты цыкл «Знакамітыя жанчыны Берасцейшчыны», які мае на мэце папулярызацыю жаночых імёнаў, узнаўленне памяці і ведаў пра знакамітых жанчын, якія нарадзіліся на Берасцейшчыне, і зрабілі значны ўнёсак у мастацтва, навуку, культуру і іншыя сферы, важныя для грамадства.
***
Алена Аладава

• Алена Аладава – мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 1944 – 1977 гадах.
• Алена Аладава нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах, яе бацька паходзіў з сялян, маці – з дваранскай сям’і.
• Алена цікавілася біялогіяй, таму ў 1922 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, стала адной з першых студэнтак гэтай установы.
• У 1925 годзе ў Мінску прайшла першая Усебеларуская мастацкая выстаўка, тады Алена зразумела, што мастацтва ёй падабаецца больш за біялогію, і пачала развівацца ў гэтай сферы, адточваць сваё майстэрства, яна была адной з арганізатарак рэспубліканскіх мастацкіх выстаў, а затым прымала ўдзел у стварэнні Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР.
• Падчас вучобы ў БДУ Алена падрабляла ілюстратаркай ў Беларускім дзяржаўным музеі.
• Знакаміты фінскі мастак А. Ахола-Вало вылепіў скульптурны партрэт Алены.
• Мужам Алены стаў знакаміты кампазітар і першы рэктар Беларускай кансерваторыі Мікалай Аладаў.
• Першаму сыну сям’я Аладавых дала імя Вальмен, другому – Гельмір, а дачку назвалі Радаславай.
• Алена Аладава працавала ў музеі і завочна вучылася ў Маскоўскім інстытуце філасофіі, літаратуры і гісторыі, дыплом не атрымала з прычыны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
• Падчас вайны Алена Аладава апынулася ў Саратаве, пасля перамогі вярнулася ў Мінск, дзе працавала на пасадзе намесніцы дырэктара, а ў 1944–1977 гадах была дырэктаркай Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая атрымала ў 1957 годзе статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. У 1960-я гады Алена Васільеўна клапацілася аб тым, каб вярнуць у музей экспанаты даваеннай галерэі, расшуквала іх па іншых музеях СССР.
• Алена Аладава займалася прапагандай мастацтва, пісала артыкулы, манаграфіі, складала альбомы і прымала ўдзел у стварэнні кніг.
• Дзякуючы ёй калекцыя музея пастаянна папаўнялася новымі экспанатамі, Аладава шчыра клапацілася аб тым, каб таленавітыя людзі Беларусі засталіся ў гісторыі, былі вядомыя і шанаваныя. У 1977 годзе мастацкі музей налічваў звыш 15 тысяч экспанатаў, Алена Васільеўна безпамылкова знаходзіла шэдэўры там, дзе ніхто іншы не мог іх пабачыць.
• Вялікую ўвагу Алена Аладава ўдзяляла справе захавання нацыянальнай спадчыны, сабрала вялікі матэрыял па старажытным мастацтве Беларусі. Дзякуючы экспедыцыям, якія яна рупліва арганізоўвала і ўзначальвала, было выратавана больш за 2000 рэчаў, якія потым сталі экспанатамі.
• Алена Васільеўна да канца сваіх дзён была адданая музею і мастацтву.
• Памерла Алена Аладава 29 мая 1986 года ў Мінску.

