Культура

Знакамітыя жанчыны Берасцейшчыны. Надзея Шнаркевіч.

Наш край, несумненна, багаты на таленавітых людзей. Але часцей за ўсё ў фокус нашай увагі трапляюць мужчыны: у іх гонар называюць вуліцы, праспекты і знакавыя месцы, імі ганарацца, а самае галоўнае – пра іх усе ведаюць, яны застаюцца ў людской памяці.

Берасцейскія жанчыны прыносяць славу гораду і вобласці, яны самабытныя, яскравыя, творчыя і мэтанакіраваныя і заслугоўваюць, каб пра іх ведалі і гаварылі больш.

Менавіта таму быў распачаты цыкл «Знакамітыя жанчыны Берасцейшчыны», які мае на мэце папулярызацыю жаночых імёнаў, узнаўленне памяці і ведаў пра знакамітых жанчын, якія нарадзіліся на Берасцейшчыне, і зрабілі значны ўнёсак у мастацтва, навуку, культуру і іншыя сферы, важныя для грамадства.

***

Надзея Шнаркевіч 

• Надзея Шнаркевіч – беларуская грамадская і культурная дзеячка, феміністка, настаўніца, краязнаўца.

• Надзея Маркаўна нарадзілася 30 верасня (12 кастрычніка) 1897 года ў Берасці.

• Калі дзяўчыне было ўсяго 7 гадоў, здарылася трагедыя: памёр бацька. Праз гэта сям’я была вымушаная з’ехаць з Берасця і знайшла новы дом спачатку ў вёсцы Вострава, а пасля – у Пружанах.

• У Пружанах Надзея скончыла прыватную жаночую гімназію, а пасля атрымала адукацыю ў Вышэйшай пачатковай педагагічнай школе (у той час установа была адным з нямногіх месцаў, дзе жанчынам дазвалялася вучыцца).

• Пасля вучобы Надзея стала настаўнічаць.

• Падчас Першай сусветнай вайны Надзея і яе маці былі ў бежанстве ў Сызрані, там Надзея працавала спачатку ў школе, а потым ў аддзеле народнай асветы.

• У 1919 годзе яна вярнулася на радзіму, дзе скончыла настаўніцкія курсы і зноўку працавала настаўніцай у пружанскай польскай сямігодцы.

• Восенню 1924 года была звольненая.

• З 1925 года жыла ў Вільні.

• Менавіта ў Вільні Надзея пазнаёмілася са сваім будучым мужам, – ім аказаўся Язэп Шнаркевіч, таксама настаўнік і дзеяч беларускага адраджэння.

• У Вільні Надзея і Язэп жылі ў доме каля ракі, у іх быў вялікі сад і пчолы.

• Многія вучні з удзячнасцю ўспаміналі сваю настаўніцу, адзначалі, што яна заўсёды была гатовая дапамагчы.

• Некаторы перыяд свайго жыцця Надзея Маркаўна была загадчыцай дзіцячага прытулку-інтэрната пры Віленскай беларускай гімназіі.

• Пасля стала супрацоўніцай сакратарыята Таварыства беларускай школы.

• У пачатку 1930-х гадоў Надзея Шнаркевіч стала актывісткай Беларускай жаночай арганізацыі імя Цёткі, супрацоўніцай і адной з заснавальніц часопіса “Жаноцкая справа”. Часопіс падымаў актуальныя праблемы жыцця жанчын Заходняй Беларусі, знаёміў чытачак са становішчам жанчын у розных краінах свету, змяшчаў артыкулы пра літаратуру. На старонках “Жаноцкай справы” можна было знайсці вершы і прозу, прачытаць пра падзеі ў свеце, часопіс даваў парады па гаспадарцы, змяшчаў артыкулы па гігіене, праводзіў агітацыю супраць алкагалізму.

• “Жаноцкая справа” заклікала жанчын вучыцца, атрымліваць веды, прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і наведваць бібліятэкі.

• Надзея Шнаркевіч цяжка захварэла, але нават у такім стане займалася беларускай грамадскай і культурна-асветнай працай.

• Надзея Шнаркевіч апрацавала ўспаміны мужа па гісторыі Нясвіжскай і Клецкай беларускіх гімназій (апублікаваныя ў 1994 годзе), падчас гэтага актыўна збірала фотаздымкі, звязвалася з былымі вучнямі і настаўнікамі, вяла актыўную перапіску.

• Надзея Шнаркевіч падрыхтавала фотаальбомы па гісторыі школьніцтва і беларускіх гімназій у Заходняй Беларусі, пра творчасць Міхася Забэйды-Суміцкага.

• Рабіла для Гудзевіцкага краязнаўчага музея этнаграфічныя экспанаты і рэчы сялянскага побыту (у тым ліку будучы прыкаванай да ложка стварыла ляльку ў палескім строі), збірала музычны фальклор.

• Надзея Шнаркевіч пражыла 76 гадоў і памерла 21 мая 1974.