Наш край, несумненна, багаты на таленавітых людзей. Але часцей за ўсё ў фокус нашай увагі трапляюць мужчыны: у іх гонар называюць вуліцы, праспекты і знакавыя месцы, імі ганарацца, а самае галоўнае – пра іх усе ведаюць, яны застаюцца ў людской памяці.
Берасцейскія жанчыны прыносяць славу гораду і вобласці, яны самабытныя, яскравыя, творчыя і мэтанакіраваныя і заслугоўваюць, каб пра іх ведалі і гаварылі больш.
Менавіта таму быў распачаты цыкл «Знакамітыя жанчыны Берасцейшчыны», які мае на мэце папулярызацыю жаночых імёнаў, узнаўленне памяці і ведаў пра знакамітых жанчын, якія нарадзіліся на Берасцейшчыне, і зрабілі значны ўнёсак у мастацтва, навуку, культуру і іншыя сферы, важныя для грамадства.
***
Ніна Іосіфаўна Мацяш

• Ніна Мацяш — беларуская паэтэса і перакладчыца, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
• Нарадзілася 20 верасня 1943 года ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці, памерла 19 снежня 2008 года ў Белаазёрску.
• У сям’і Ніна Мацяш была восьмай з дзяцей.
• Яе маці ў вёсцы мела мянушку “Каралева”.
• У 1960 годзе паступіла на факультэт французскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў.
• Па стане здароўя вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла інстытут у 1966 годзе).
• Некаторы час выкладала нямецкую мову ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы (1973–1977).
• Нягледзячы на прагрэсуючую хваробу, якая прыкавала яе да інваліднага крэсла, Ніна Мацяш працягвала любіць жыццё, захапляцца ім, была надзвычай працаздольнай жанчынай, і для многіх людзей яна стала прыкладам таго, як можна быць па-сапраўднаму адданай роднай мове і Беларусі.
• Ніне Мацяш не дазволілі выехаць за мяжу на лячэнне, хоць яна і мела запрашэнне з Бухарэсцкага інстытута.
• Бяда, якая напаткала паэтку, напаткала спачатку дзвюх яе старэйшых сясцёр, якія таксама страцілі магчымасць хадзіць.
• Паэтка была аўтаркай вялікага мноства неалагізмаў – новых слоў.
• Ніна Мацяш мела многа сяброў у Пружанах і нават працавала пазаштатнай кансультанткай літаратурнай старонкі газеты “Раённыя будні”.
• Ніна Іосіфаўна Мацяш займалася рэдагаваннем літаратурнага альманаха «Жырандоля», мела вялікі ўплыў у літаратурных колах Берасцейшчыны, займалася фларыстыкай і пёркаграфіяй, яна ведала некалькі замежных моў і шмат перакладала.
• У яе перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Ж. Аліўе «У краіне індзейцаў» (1973), А. Гаўрылюка «Песня з Бярозы» (1979), Ж. Сіменона «Першая справа Мегрэ» (1982), А. дэ Сент-Экзюперы «Планета людзей» (1984) і «Маленькі прынц» (1989), навелы Гі. дэ Мапасана (1987), паэма «Маруся Чурай» Л. Кастэнка (1989), вершы Віславы Шымборскай.
• Ніна Мацяш – аўтарка некалькіх зборнікаў вершаў, казак.
• Паэтка займалася напісаннем п’ес для тэатра лялек і тэлесцэнарыяў.
• Вялікі ўплыў на творчасць Ніны Мацяш аказала берасцейскае згуртаванне паэтаў і пісьменнікаў, а таксама У. А. Калеснік.
• Вершы паэткі глыбокія, змястоўныя, надзвычай філасофскія і лірычныя, поўныя жыццёвай мудрасці і ўнутранага спакою, праз іх Ніна Мацяш раскрывала сваю душу, апісвала сябе і свет навокал, разважала над складанымі пытаннямі чалавечага быцця.

