Сучасны свет – свет імклівы і мітуслівы, свет інстаграмнага поспеху, у якім, здаецца, даволі складана знайсці час і магчымасць атрымаць цеплыню і прыняцце ад іншых.
Валерыя Цэбрук – маладая псіхалагіня і арганізатарка невялікіх сустрэч у фармаце жывых зносін. Тэмы пошуку сябе, сумневаў і перажыванняў блізкія ёй не толькі як спецыялістцы, але і як чалавеку. Таму Валерыя стварае прасторы, дзе можна быць сабой, казаць сумленна і адчуваць падтрымку.

“Першапачаткова я праводзіла Speed Friending – хуткія сяброўскія знаёмствы, і працягваю праводзіць іх цяпер. З часам я заўважыла, што многім людзям важныя не толькі дынаміка і новыя кантакты, але і больш глыбокія, ціхія размовы, дзе можна выдыхнуць і проста быць сабой.
Так з’явіўся фармат “ціхія жывыя размовы” – спакойная, цёплая сустрэча з акцэнтам на глыбіню зносін і адчуванне групавой падтрымкі. Гэта не замена Speed Friending, а самастойны дадатковы фармат. Ён вырас з жадання стварыць прастору для тых, хто перажывае падобныя пачуцці і ўнутраныя пошукі.” – распавядае Валерыя.
Тут можна сустрэцца, расказаць сваю гісторыю, пачуць іншых і адчуць, што ты не адзін праходзіш праз складаныя перыяды. Побач аказваюцца людзі, якія разумеюць і гатовыя падтрымаць – і якім ты таксама можаш даць падтрымку, застаючыся сабой.

Плануючы сустрэчу, Валерыя натхнялася песнямі Of Monsters and Men. Іх песні пра ўнутраны свет, пошук сябе, адзіноту, страхі і надзею.
Яны спяваюць аб людзях, якія адчуваюць сябе страчанымі, але працягваюць шукаць святло, сэнс і сувязь з іншымі
“Little Talks” – песня пра страхі, трывогу, голас усярэдзіне, які падтрымлівае, калі ўсё разбураецца.“
“Crystals” -пра веру ў сябе, пра тое, як з сумневаў нараджаецца сіла.
“Dirty Paws”- апісвае казачны свет, дзе ідзе барацьба святла і цемры.
“Mountain Sound” – Пра свабоду, уцёкі ад мінулага, вяртанне да жывога, сучаснасці.
“King and Lionheart” – пра каханне, падтрымку, сувязь двух людзей, якія дапамагаюць адзін аднаму заставацца моцнымі.
Іх музыка – пра юнацтва, разгубленасць і светлую крохкасць, пра тое, як страшна і прыгожа быць жывым.
Таксама Валерыю натхнялі малюнкі:

Калі Speed Friending – пра энергію, рух і новыя асобы, то “ціхія жывыя размовы” – пра выдых, шчырасць і прысутнасць.
Фармат арыентаваны на маладых людзей 18–27 гадоў, якія шукаюць сябе, яснасць, падтрымку ці проста адчуванне, што побач ёсць тыя, хто разумее.
Удзел быў бясплатны, з магчымасцю пакінуць донат. Каб далучыцца, дастаткова было напісаць у Instagram стваральніцы івента – пасля рэгістрацыі ўдзельнікі атрымлівалі адрас і неабходныя дэталі.
Сустрэча адбылася 30 кастрычніка, у чацвер, у 19:00. Лакацыяй стала невялікая ўтульная кавярня ў цэнтры Брэста.
“Я стараюся выбіраць спакойныя і атмасферныя месцы, дзе ўдзельнікі могуць расслабіцца і адчуць сябе ў бяспецы.
Сустрэча прайшла вельмі цёпла і шчыра. Невялікі фармат дазволіў кожнаму ўключыцца ў працэс, падзяліцца тым, што сапраўды важна, і адчуць сябе пачутым. Зносіны былі мяккія, падтрымліваючыя, без ацэнак і ціску.”
Асабліва кранальным стала практыкаванне з метафарычнымі картамі. Падчас абмеркавання ўдзельнікі літаральна “ўвайшлі” ў гісторыі адзін аднаго – адгукаліся, падтрымлівалі, дзяліліся асабістым вопытам, давалі ўпэўненасць. Гэта стварыла атмасферу прыняцця і сапраўднага чалавечага ўдзелу, якой многім не хапае ў паўсядзённым жыцці.

“Фідбэк быў вельмі цёплым: удзельнікі адзначалі пачуццё палёгкі, яснасць і адчуванне, што яны не адны. Многія выказалі жаданне прыходзіць на такія сустрэчы рэгулярна.”
Пачуццё, якім кіравалася Валерыя – імкненне стварыць ціхую, чалавечную прастору, дзе не трэба быць “моцным”, гуляць ролі або імкнуцца адпавядаць чаканням. Гэта месца, дзе можна выдыхнуць, прагаварыць назапашанае, пачуць сябе і іншых, а галоўнае – адчуць падтрымку.
“Я хачу развіваць гэты фармат як рэгулярную практыку: невялікія атмасферныя сустрэчы, дзе можна знаходзіць яснасць, пазнаваць сябе і проста адчуваць прысутнасць іншых людзей побач.
Мне падаецца важным ствараць такія кропкі апоры для маладых людзей, якія шукаюць свой шлях і сваё месца.
Для мяне гэтыя сустрэчы – спосаб злучаць людзей і нагадваць, што побач заўсёды можа апынуцца той, з кім нечакана стане лягчэй, цяплей, стане больш цікава жыць. Я вельмі ўдзячная ўдзельнікам за смеласць прыходзіць, раскрывацца і быць сабой.”
Падпісвайцеся на Instagram Валерыі, каб сачыць за навінамі і мець магчымасць паўдзельнічаць у новых, цікавых івентах.

