Час ад часу кожнаму патрэбна разабрацца ў сабе. Люда прыдумала цікавы фармат сустрэч – сустрэч, дзе можна зазямліцца, пабыць разам са сваімі эмоцыямі і пачуццямі, стварыць нешта цікавае, пачуць словы падтрымкі ад спецыялістак і ад навакольных.
У вольны час Люда – мастачка-керамістка. Кераміка дапамагае ёй ўвасабляць яе эмоцыі, пачуцці, унутраны свет у нешта матэрыяльнае, так склалася, што менавіта кераміка – адпаведны інструмент.
“Мне здалося, што гліна як матэрыял здольная нават дапамагаць са складаным эмацыйным станам, пэўным чынам раслабляць. Я звязалася з псіхолагам, у якой ёсць практыка и добры вопыт у арт-тэрапіі і мы ўдваіх прыдумалі фармат сустрэч, якія б спалучалі між сабой і вопыт узаемадзеяння з глінай і псіхалагічную падтрымку пры гэтым. Падчас сустрэч мы хацелі змясціць увагу з выніку, і накіраваць яе на сам працэс.” – так расказвае Люда пра тое, як узнікла ідэя падобнага роду івентаў.
Былі праведзеныя дзве сустрэчы з двума асобнымі групамі ўдзельнікаў. Ніякіх абмежаванняў па ўзросце не было, але ў выніку на сустрэчу прыйшлі дарослыя людзі са сваімі рознымі ўяленнямі і пачуццямі.


Пра правядзенне івентаў можна было даведацца праз афішу ў Інстаграм.
“Нас натхнялі самі людзі, якія прыходзілі. Кожны прыходзіў са сваім станам і са сваімі перажываннямі. Было цікава назіраць за тым, як ідзе працэс і што атрымліваецца ці, наадварот, не атрымліваецца і як з гэтым быць.”
Люда распавядае, што сустрэчы праходзілі ў сяброўскай атмасферы:
“Мы знаёміліся між сабой, дзяліліся надзённым, жартавалі, у працэсе ляпілі, пілі гарбату. Потым глядзелі на вынікі сваёй творчасці”.

Перад сустрэчай было праведзена анкетаванне аб чаканнях ад івенту, пасля сустрэчы – аб выніках. Фідбэк атрымаўся вельмі добрым: людзі пісалі, што прыйшлі б яшчэ.


“Мы паспрабавалі, фармат нам спадабаўся, у планах час ад часу праводзіць падобныя сустрэчы, магчыма ўжо на больш камерцыйным узроўні” – дзеліцца планамі Люда.

