Перад Новым годам асабліва хочацца верыць у цуды, хочацца мець падтрымку і энергію, каб з радасцю і надзеяй ісці ў надыходзячы 2026 год. Ксенія стала той чарадзейкай, якая дапамагла берасцейцам сустрэцца з маленькай частачкай магіі, што так неабходна ў паўсядзённым жыцці.
Ксенія стварыла паштоўкі, якія сталі сакрэтным падтрымліваючым пасланнем для тых, хто іх атрымаў.

У Берасце Ксенія прыехала з Пецярбурга, у 2026 годзе будзе своеасаблівы юбілей: 10 гадоў жыцця ў горадзе над Бугам.
“За гэты час я паспела выйсці замуж, нарадзіць дваіх дзяцей і дадаць да журналісцкага досведу яшчэ і ілюстратарскі. Спачатку я думала, што памяняла журналістыку на ілюстрацыю, але зараз разумею, што дадала адно да другога, таму што так ці інакш у маіх карцінках ёсць тэксты, сюжэты, гісторыі, рэальныя людзі.” – распавядае Ксенія і дзеліцца тым, як да яе прыйшла ідэя паштовак:
“2025-ы стаў для мяне годам падтрымкі. Мае поспехі – гэта сукупная дапамога многіх людзей. Гэтае ўсведамленне нараджае ўнутры шмат цяпла і натхнення. Хацелася аддаць іншым тое, што атрымала сёлета я. Так нарадзілася ідэя картак з пасланнямі. Я намалявала, раздрукавала і падпісала ўручную 100 паштовак. Для кожнай з іх я прыдумала словы, якія, па маёй задуме, павінны падтрымаць, накіраваць, суцешыць таго, хто яе атрымае. Я напісала ад сэрца тое, што сказала б сама сабе ў нейкіх сітуацыях.”

Паштоўкі Ксенія аддала ў кавярню “Бульвар”. Каб атрымаць іх, трэба было замовіць напой, сфармуляваць у думках пытанне, якое трывожыць на дадзены момант і сказаць кодавую фразу: “Я добра сябе паводзіў ў гэтым годзе” .

“Па маёй задуме подпіс павінен быў стаць адказам на хвалюючае пытанне. І што цікава, я атрымала шмат паведамленняў у дырэкт аб тым, як усё супала, як адказ прыйшоў своечасова і адлюстроўвае сутнасць справы. Цяпер адчуваю сябе прарочыцай))).”

У паштоўках знайшло адлюстраванне жыццё горада, паўсядзённае і казачнае. Звычайнае і незвычайнае тут – суіснуе ў адной прасторы, пераплятаецца:
“На адной з паштовак я адлюстравала вячэрнюю Савецкую ў агнях, Санту, які пераеў аліўе і затрымаўся ў трубе, дзяўчыну, якая заўважыла дзеда і вельмі здзіўленая. На іншай паштоўцы – ЦУМ і берасцейцы, што спяшаюцца за пакупкамі, зараз яны самі – сваякі Дзеда Мароза для сваіх блізкіх. На яшчэ адной – елка на плошчы Леніна, новы год і Дзед Мароз з аляняткам на даху. Гэта мая самая любімая паштоўка, таму што яна пра цеплыню і сяброўства.”

Сапраўды, важна, каб Новы год быў напоўнены станоўчымі эмоцыямі і магіяй.
Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Ксеніі, каб сачыць за яе праектамі, атрымліваць асалоду ад прыгожых малюнкаў і атрымаць сваю порцыю цудаў)

