Дзецікава & co

“Дзецям аб здароўі – простымі словамі”. Лекцыі Ганны Пуцілінай.

Здароўе – гэта важна. Але як данесці гэта да іншых?

Здаецца, што размовы аб правільным харчаванні выклікаюць у дзяцей раздражненне і сум. На ўроках пра гэта гавораць шаблонна, а бацькі, бывае, абмяжоўваюцца кароткім “не еш чыпсы” і нічога не тлумачаць. Дык як раскрыць тэму і не паўтараць стандартныя фразы? Як зацікавіць?

Пра гэта добра ведае нутрыцыялагіня Ганна Пуціліна, якая нядаўна правяла цыкл лекцый для школьнікаў, дзе расказала, як харчавацца карысна і смачна.

“Ідэя з’явілася ўлетку, пасля паспяховага правядзення цыклу лекцый-дэгустацый на базе КЮМ. На летняй лекцыі прысутнічалі дзеці з бацькамі. Аказалася, што некалькі прысутных на мерапрыемстве бацькоў з’яўляюцца настаўнікамі ў школах горада. Менавіта яны выказалі жаданне правесці пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы аб карысці здаровай ежы на класнай гадзіне. Я з радасцю пагадзілася.” – так распавядае Ганна аб тым, як узнікла ідэя правядзення лекцый.

Гульнявыя лекцыі праводзіліся для дзяцей розных узроставых груп: для дзяцей 4-га класа, для падлеткаў-спартсменаў 7-га класа, для дзяцей ва ўзросце 12-16 гадоў.

Выраз “Дзецям аб здароўі – простымі словамі” апісвае тэму ўсіх лекцый, а іх мэта – навучыць школьнікаў складаць сваю штодзённую талерку правільна, каб ежа дапамагала ім расці, быць разумнымі, актыўнымі і вясёлымі, адпавядала патрэбам арганізма.

“Лекцыі праходзяць інтэрактыўна. З майго боку агучаная інфармацыя падаецца ў простай і даступнай для дзяцей форме: карткі з выявамі, прыклады з жыцця, фатаграфіі, метадычныя матэрыялы, сухія крупы і бабовыя для прыкладу, да ўсяго дзеці могуць дакрануцца і адгадаць, што ёсць што.”

Пройдзены матэрыял адразу ж замацоўваецца пры дапамозе гульнявых картак з выявамі прадуктаў, школьнікі вучацца правільна складаць талерку на кожны дзень.

Ганна падкрэслівае, што для дзяцей такі фармат з’яўляецца цікавым: яны адказваюць на пытанні, смяюцца, задаюць пытанні, уцягваюцца ў абмеркаванне, з задавальненнем дакранаюцца да карысных прадуктаў, гуляюць з карткамі і абмяркоўваюць атрыманую інфармацыю.

“Гэта не ўрок у звыклым разуменні. Гэта гульня, у працэсе якой мы фармуем БАЗУ для правільных звычак і аснову для паўнавартасных талерак падрастаючага пакалення. Гэта я лічу АСНОВАЙ здароўя і важна, каб дзецям пра гэта расказвалі. Таму выбар менавіта такі.”

Менавіта дзякуючы такому метаду дзецям не бывае сумна: падача матэрыялу не нудная, арыгінальнасць фармату прыцягвае ўвагу і ўключае ў працэс.

Ганна Пуціліна прызнаецца: “Лекцыі прайшлі займальна і для дзяцей, і для мяне. Цікава чуць іх меркаванні, адказваць на пытанні, дзеці адкрытыя і дапытлівыя, не саромеюцца і з радасцю далучаюцца да гульні. Ад іх вачэй і ўсведамлення, што мерапрыемства ім цікава і карысна, што яно дапамагае сфарміраваць здаровыя звычкі – я як маці/педагог/нутрыцыёлаг напаўняюся і натхняюся. Дзеці і класныя кіраўнікі запрашалі прыйсці зноў, пісалі водгукі і прыходзілі паведамленні ад бацькоў з падзякай, а потым і з вынікамі – у талерках з’явілася больш карысных прадуктаў, стала больш бялку.”

Задачай лекцый было сфарміраваць правільныя звычкі ў форме гульні, паказаць, што харчавацца паўнацэнна можна смачна, растлумачыць у фармаце займальнага падарожжа ў свет нутрыцыалогіі важнасць складнікаў на талерцы: для чаго патрэбны бялок, вугляводы, клятчатка і тлушчы, чаму яны так важныя для арганізма, які расце.

У планах Ганны Пуцілінай – працягнуць правядзенне мерапрыемстваў, расказаць аб здаровым харчаванні і ў іншых школах:

 “Я адкрытая для прапаноў. Хацелася б правесці такія лекцыі і ў гуртках, таксама было б выдатна зацікавіць і бацькоў. У нашых з бацькамі сілах прывіць у юным узросце дзецям здаровыя звычкі і «правіла талеркі». Гэта зберажэ нашых дзяцей ад вялікай колькасці праблем са здароўем у дарослым узросце, сфармуе больш здаровую нацыю.”

Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Ганны Пуцілінай, каб даведацца больш пра тое, як харчавацца смачна і правільна.