Дзецікава & co

Карысныя відэа ад праекта Pet-а-Porter

Pet-а-Porter – праект, які з’явіўся каля 2-х гадоў таму, ідэя была ў тым, каб дапамагаць сваімі паслугамі прафесійных здымак жывёлам, якія зараз знаходзяцца ў статусе пошуку дома. Праз фотаздымкі людзі бачаць характар гадаванца і на старонцы праекта ёсць актуальная інфармацыя наконт таго, хто з жывёл знайшоў дом, а хто яшчэ шукае.

Нядаўна ў межах праекта была знятая серыя відэа, дзе запрошаны госць, Віктар Арабейка, расказваў пра тыя моманты, з якімі могуць сутыкнуцца людзі, што вырашылі ўзяць у дом хатняга гадаванца.

“Ідэя была ў тым, каб стварыць невялікую серыю пазнавальных і карысных ролікаў, інфармацыя ў відэа была агучаная экспертам (у дадзеным выпадку гэта быў даволі папулярны ў нашым горадзе кінолаг) і мы хацелі, каб гэтыя ролікі служылі пазнавальным кантэнтам для людзей. За асноўны акцэнт мы бралі тое, што відэа павінны былі папярэдзіць людзей, якія бяруць жывёл і думаюць аб тым, што клопат аб жывёлах гэта досыць лёгка і яны справяцца. Проста мы сутыкаемся ўнутры праекта з такімі сітуацыямі, калі людзі бяруць жывёл з жалю і вось на гэтай эмоцыі жалю яны могуць часта здзяйсняць памылку, на эмоцыях яны забываюць пра ўсё іншае, забываюць, што давядзецца мяняць сваё жыццё, пераўладкоўваць побыт, перабудоўваць свой рэжым дня, звычкі, шмат мяняць у сваім жыцці. Ролікі былі створаны для таго, каб людзі разумелі сваю адказнасць і разумелі, як трэба рыхтавацца да з’яўлення дома хатняга гадаванца.” – распавядае Каця Саванеўская, адна са стваральніц праекта Pet-а-Porter.

У першым роліку кінолаг расказваў, як падрыхтаваць сям’ю, дом і сябе да з’яўлення жывёлы, растлумачыў некаторыя асаблівасці паводзін шчанюкоў і падкрэсліў неабходнасць правільнага выхавання. Другі ролік быў на тэму таго, якія памылкі можна зрабіць у першыя дні, тыдні, месяцы жыцця з новай жывёлай у сябе дома. У трэцім роліку расказвалася, чаго можна чакаць, калі бярэш жывёлу з прытулку ці з вуліцы, запрошаны эксперт адзначыў, што існуюць некаторыя моманты, закладзеныя генетычна, якія таксама могуць уплываць на паводзіны і прывычкі гадаванца.

Ва ўсім працэсе стварэння відэа ўдзельнічала некалькі чалавек. Цэнтрам усяго, героем і запрошаным экспертам быў эксперт-кінолаг, Віктар Арабейка, гэта дастаткова папулярны прафесіянал у Берасці. Віктар – трэнер для сабак, ён навучае гадаванцаў базаваму курсу каманд, паводзін, таксама ў яго ёсць свая школа «Джынга», гэта школа для сабак і іх уладальнікаў, Віктар Арабейка з’яўляецца арганізатарам спаборніцтваў для сабак.

Ён быў героем, які прадстаўляў экспертную інфармацыю і расказваў усё на тыя тэмы, што былі закранутыя ў відэа.

“Гэта была мая ідэя, я хацела яе ўвасобіць, я з Віктарам усё абмяркоўвала, дамаўляліся, мы разам з ім распрацоўвалі тэмы, сцэнары для відэа, структуру відэа, усім гэтым займалася я. Таксама ў нас быў відэаграф, аператар і мантажор, які ствараў і здымаў гэтыя ролікі. У працы ўдзельнічаў SMMшчык, гэта таксама была я. Я займалася тым, каб гэта было выкладзена ў нашых сацыяльных сетках, я займалася напісаннем тэкстаў-апісанняў для ролікаў, звязвалася з Віктарам па суаўтарстве, стварала вокладкі для відэа і прасоўвала іх.”

Таксама ў камандзе быў таргетолаг, які наладжваў рэкламу для таго, каб як мага больш людзей убачылі ролікі.

Тэмы ролікаў важныя не толькі для падпісчыкаў акаўнта Pet-а-Porter, а ў цэлым для любых людзей, незалежна ад краіны, рэгіёна, інтарэсаў, тэмы з’яўляюцца актуальнымі.

Праект атрымаў станоўчы фідбэк, была вялікая колькасць праглядаў і рэпостаў. Таксама запрошаны эксперт Віктар Арабейка прыняў суаўтарства, таму ўсе яго вучні таксама дапамагалі ў распаўсюджванні відэа, адна з каманд вучняў Віктара – каманда Страла напісала, што яны таксама хацелі б дапамагчы ў распаўсюджванні гэтых ролікаў, што ім вельмі спадабалася, як усё зроблена, якая інфармацыя там змешчана і ў выніку каманда Страла таксама прыняла суаўтарства.

“Мы ўбачылі, што людзям гэта адгукаецца і што людзі жадаюць далучыцца да такога кантэнту, дапамагчы яго распаўсюджваць. Ім было не сорамна яго распаўсюджваць, таму што ён быў прыгожы, якасны, выразна ўсё там наш эксперт гаворыць, таму водгук быў класны. Таксама пісалі каментары пад гэтымі відэа людзям адгукаўся гэты кантэнт. Усе былі задаволеныя. Быў станоўчы фідбэк.“

На дадзены момант гатовых ідэй па ўвасабленні нейкіх падобных серый з ролікамі няма, але каманда Pet-а-Porter заўсёды ў пошуку ідэй, хочацца у цэлым працягваць развівацца праз такі кантэнт, які дапамог бы прыцягнуць увагу да  ініцыятывы.

У планах – стварэнне мультфільма ці відэароліка аб шкодзе салютаў і петарды для жывёл. Гэтыя яркія атрыбуты свят прыносяць вялікі стрэс у жыццё хатніх гадаванцаў і вельмі важна распавесці пра гэтую праблему. Вялікая колькасць жывёл збягаюць, губляюцца, баяцца выбухаў, гэта можа прывесці да праблем са здароўем ці нават да смерці.

Другая ідэя – серыя відэа, у якіх дактары ветклінік расказваюць аб праблеме падкормлівання вулічных жывёл.

“Існуе такая праблема, якая ідзе ўжо з пакалення ў пакаленне, і вельмі складана яе вынішчыць, таму мы б хацелі стварыць серыю ролікаў на тэму таго, чаму нельга падкормліваць рыбай з косткамі, курыцай, наогул косткамі. Калі чалавек корміць жывёлу на вуліцы тою ж рыбкай, курачкай, косткамі, ён бачыць кароткі эфект, што сабака ці кот больш не галодныя. Чалавек сыходзіць, ён задаволены, радасны, што накарміў жывёлу. Але потым вет.урачы сканцэнтравана бачаць, якая колькасць жывёл да іх трапляе, валанцёры прывозяць вось гэтых вось вулічных жывёл, у якіх потым з-за костак рыбных, курыных праткнуты страўнік, кішачнік, у іх проста спыняюцца ўсе працэсы, яны паміраюць ад унутранага кровазліцця. 

У выніку такія дзеянні могуць прывесці да хваробы або смерці жывёлы. Мы б хацелі расказаць, чым можна падкормліваць жывёлу і чым дакладна нельга, каб хоць неяк скарэктаваць вось гэтую праблему”

“Таксама мы б хацелі пашыраць нашу каманду валанцёраў. Мы ў пошуку фатографаў, якія робяць фотаздымкі ўнутры нашых праектаў, таму што менавіта гэтым мы і займаемся, мы як праект прапануем свае паслугі і ствараем прафесійныя кадры для жывёл у пошуку дома, каб праз фатаграфіі быў бачны іх характар, таксама неабходны SMM-спецыяліст, а таксама валанцёры, крэатыўныя і зацікаўленыя.”

Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку праекта Pet-а-Porter, там вы можаце пабачыць відэа, пра якія іншла размова, а таксама знайсці сабе хатняга ўлюбёнца.