Дзецікава & co

Як ствараўся гайд па Берасці

У Берасці ёсць вялікая колькасць цікавых і непаўторных месцаў, дзе можна бавіць час, але не ўсе з іх вядомыя для гасцей горада і, часам, нават для карэнных жыхароў.

Лена – дызайнерка інтэр’ераў з вялікай колькасцю хобі, яе цікавіць усё – ад працы з металам і садоўніцтва, да вывучэння прастор і аргенцінскага танга. Яна стварыла гайд, у якім змясціла звесткі пра самыя адметныя месцы горада.

“Я даволі шмат падарожнічаю і ў кожным горадзе, дзе я была лёгка можна здабыць турыстычныя гайды (у аэрапорце, гатэлях, кватэрах, буціках) і мне падалося, што Брэсту, аднаму з самых наведвальных гарадоў Беларусі вельмі не хапае такой ініцыятывы.”

Лена ўвесь час сочыць за новымі цікавымі ініцыятывамі і месцамі, якія адкрываюцца ў Берасці і ўжо некалькі гадоў вядзе спіс самых смачных устаноў горада і гэта вельмі дапамагло падчас стварэння гайда.

“Я хацела стварыць гайд, які змясціў бы ў сябе максімальную колькасць інфармацыі аб цікавых лакацыях, установах, аб мясцовым шопінгу, са спасылкамі на тургідаў і карысныя акаўнты. Мне было важна ўключыць у гайд менавіта тыя месцы, куды любяць хадзіць самі берасцейцы і пра якія не так проста даведацца турысту, г.зн. паказаць горад вачыма мясцовага жыхара. Менавіта таму я рабіла акцэнт не на пешаходнай вуліцы Савецкай і Брэсцкай крэпасці, пра якія і так шмат чуў кожны, а на вулачках і ўстановах, дзе не заўсёды ступае нага турыста.”

Дызайн гайда быў распрацаваны ў суаўтарстве Вікторыяй Геласімавай, якая ўвасобіла задумкі Лены на паперы і дапамагла вызначыцца са стылістычнай канцэпцыяй.

Лена прызнаецца, што многія з лакацый, якія ўключаны ў гайд, – яе асабістыя любімчыкі і дадае, што яна  таксама правяла апытанне сярод сваіх падпісчыкаў у Інстаграм, дзе яны дзяліліся сваімі любімымі прагулачнымі маршрутамі і ўстановамі. Самыя папулярныя з гэтых лакацый таксама былі ўключаны ў маршруты.

Калі вы хочаце азнаёміцца з вынікамі працы, то знайсці спасылку, якая вядзе на ​​электронную версію гайда, можна на сайце Dzecikava, а таксама ў папулярных установах горада: кавярнях, буціках, хостэлах. Напрыклад, ва ўсімі любімых Бразільяне і Джэзве.