Вячаслаў Іванісь – студэнт-урбанолаг, прасторавы аналітык і чалавек, які верыць, што горад можна і трэба вывучаць, каб рабіць яго лепшым.
“У сваёй працы я кіруюся простым прынцыпам: усе рашэнні павінны быць заснаваныя на дадзеных, а ўсе змены – пачынацца з людзей, якія гэтыя гарады засяляюць. Я не веру ў прыгожыя праекты без аналізу і ў лекцыі без практыкі. Я даследчык і ў адносінах да го

рада, і ў адносінах да жыцця ў цэлым. Горад – гэта жывы арганізм, і да яго трэба ставіцца з увагай і павагай, пачынаючы з малога: даследаванні вуліцы, гутаркі з жыхарамі, сумеснага пошуку рашэнняў.”
З гэтага пераканання нарадзіўся праект Urban Lab 11 – праект, які прадстаўляе сабой супольнасць актыўных студэнтаў-урбанолагаў. Праект рэалізуе адукацыйныя і навукова-папулярныя мерапрыемствы для студэнтаў, школьнікаў і жыхароў Брэста.
“Наша галоўная мэта – даць людзям магчымасць убачыць горад не як фон свайго жыцця, а як прастору, якую можна зразумець, вывучыць і палепшыць. За адзін з паловай год мы правялі больш за восем фарматаў мерапрыемстваў і сабралі больш за 350 удзельнікаў.”
Праект Urban Lab 11 вывеў урбаналогію з аўдыторый універсітэта прама на вуліцы для больш за сямідзесяці чалавек, ад школьнікаў да прафесійных архітэктараў.
“Ідэя гэтага цыклу мерапрыемстваў нарадзілася зусім выпадкова – гаварыць Вячаслаў, – яна з’явілася ў момант, калі ў мяне крыху спала нагрузка пасля інтэнсіўных перыядаў працы і мерапрыемстваў ад універсітэта. Усё пачалося з простага жадання апрабаваць новы фармат: літаратурны клуб. Потым прыйшла думка, што сёлета яшчэ не было мерапрыемстваў для школьнікаў, і захацелася прыдумаць для іх нешта свяжэйшае, а менавіта сумясціць гарадское даследаванне з механікай квэста і дадаць яшчэ больш узаемадзеяння і працы ў групах. Але ж любы новы фармат трэба спачатку праверыць на студэнтах. Потым мне выпадкова на хвалі натхнення ў галаву прыйшла класная тэма, пра якую я прачытаў у артыкуле часопіса «Гарадскія даследаванні і практыкі»: гарадскія пустэчы.
Першапачаткова планавалася звычайная сустрэча для абмеркавання артыкула, але потым падумаў: чаму не выйсці ў поле, не правесці сапраўдныя даследаванні тэрыторыі? Вось так паступова сустрэча на пару гадзін трансфармавалася ў ідэю двух-трохдзённага воркшопа. Хоць у выніку мы скарацілі яго да аднаго дня, ідэя вялікага фармату засталася і чакае сваёй гадзіны. Сачыце за навінамі ў нашых сацыяльных сетках, мы верым, што аднойчы гэта адбудзецца.”

Ідэя была простая: універсітэт не павінен быць адзіным месцам, дзе людзі вывучаюць горад. Горад сам па сабе – лепшы падручнік і аўдыторыя. Яго вуліцы, плошчы, будынкі, людзі – усё гэта інфармацыя, якую трэба толькі правільна чытаць.
“Людзі ходзяць па горадзе кожны дзень, але не бачаць яго. Не разумеюць, чаму тут нязручны тратуар, чаму шумна, чаму няма лавак. Я захацеў паказаць, што горад можна даследаваць, як вучоны даследуе прыроду – з інструментамі, метадамі, высновамі. Бо мы вельмі шмат ведаем са школьнага курсу пра арэалы пасялення дзікіх жывёл, пра маршруты пералётных птушак, але нічога не ведаем аб месцы, дзе мы жывем.
Чатыры сустрэчы – чатыры спосабы ўбачыць горад.”

Першая сустрэча была наўмысна камернай. 12 удзельнікаў сабралася ва ўтульнай кавярні «Параграф» для літаратурнага клуба «Хто такія ўрбаністы?».
У цэнтры абмеркавання быў артыкул «Множная урбаністыка» Ігара Мікалаевіча Стася – тэкст, які ставіць ключавое пытанне: ці можа навука аб горадзе існаваць як самастойная дысцыпліна, ці яна асуджаная заставацца наборам падыходаў з іншых навук? Удзельнікі падзяліліся на тры групы, і кожная знайшла розны падыход да гэтага пытання.
Даследчы квэст: горад як лабараторыя
Каля 20 удзельнікаў атрымалі метадычкі з шасцю метадамі гарадскіх даследаванняў і накіраваліся на цэнтральныя вуліцы Брэста. Ідэя была ў тым, каб ператварыць горад у лабараторыю. План складаўся ў тым, каб кожная каманда рухалася па сваім уласным маршруце, даследуючы розныя лакацыі з рознымі методыкамі на кожнай. Пасля каманды змешваліся, і новы склад, атрымаўшы вынікі даследаванняў, павінен быў сабраць комплексны аналіз адной тэрыторыі.
“Я распрацаваў спецыяльна для гэтага метадычку гарадскога даследчыка, якая абагульніла і сабрала методыкі, якімі мы ўвесь час карыстаемся ў рамках нашых мерапрыемстваў. Асноўныя інструменты: метад назірання (фіксаванне ўражанняў, працэсаў, якія адбываюцца на тэрыторыі), камунікатыўны метад (гутаркі з мінакамі і мясцовымі жыхарамі), ацэнка камфортнасці па 12 крытэрыях Яна Гейла, методыка The Power of 10, адказы на даследчыя пытанні і іншыя падыходы.”

У лістападзе Urban Lab 11 сумесна з Кафедрай гарадскога і рэгіянальнага развіцця арганізавала кафедральны дзень для старшакласнікаў. 22 школьнікі прыйшлі ва ўніверсітэт, каб зразумець, што вывучаюць на гэтай кафедры.
“З імі мы вырашылі ўжо не эксперыментаваць. Ужылі правераны фармат: метадычкі гарадскога даследніка, падзел на групы, вынахад у поле. Але гэтае мерапрыемства было карысна і для саміх студэнтаў-урбанолагаў малодшых курсаў, якія ўпершыню паспрабавалі сябе ў ролі куратараў даследчых груп. Гэта быў момант змены роляў, калі ўчора яны самі былі ўдзельнікамі, сёньня яны ўжо вядуць іншых людзей праз горад.”
Для многіх школьнікаў гэта была першая сустрэча з універсітэцкім жыццём, з інструментамі прафесійнага аналізу, з людзьмі, якія насамрэч цікавяцца гарадамі.
Фінальнае мерапрыемства серыі было самым маштабным. Даследчы воркшоп «Гарадскія пустэчы ў Берасці» сабраў не проста студэнтаў – ён сабраў першую ў гісторыі горада міждысцыплінарную каманду урбанолагаў і архітэктараў, якія працавалі над адным праектам.

Усе чатыры мерапрыемствы сабралі больш за 70 чалавек. Але важней былі не лічбы, а вынікі.
Анкеты паказалі, што сярэдняя ацэнка карыснасці – 9 з 10. Больш за 65% удзельнікаў выказалі гатоўнасць удзельнічаць у будучых мерапрыемствах. Але самае галоўнае – 25% удзельнікаў прыйшлі на мерапрыемствы не ў першы раз. Гэта не аднаразовая цікаўнасць, а рэальная цікавасць.
“Вынікі маёй працы бачныя ў спісах першакурснікаў ужо другі год. 20-30% студэнтаў кафедры – гэта людзі, якія бывалі на маіх мерапрыемствах, прычым многія не на адным. Гэта не проста ўдзел або паступленне на абум – гэта свядомы выбар спецыяльнасці.
Была адна гісторыя, якая асабліва запомнілася. Адзін з удзельнікаў квэста потым напісаў мне, што пасля мерапрыемства зусім па-іншаму стаў заўважаць дэталі ў горадзе – ён стаў бачыць горад як тэкст, які можна чытаць і інтэрпрэтаваць. Для чалавека, які вырас у гэтым горадзе, гэта было адкрыццё, што ён зусім не ведаў горад”

Планаў на будучыню ў Вячаслава шмат:
- Міні-курс па гарадскіх даследаваннях для студэнтаў, дзе будуць сістэматычна выкладаць інструменты палявой работы, аналіз дадзеных, праектную культуру.
- Двух-трохдзённы воркшоп замест аднадзённага – каб быў час не проста распрацаваць канцэпцыі, але і пагрузіцца глыбей, прапрацаваць дэталі, зразумець нюансы месца. Таксама ў планах трэцяя летняя ўрбаністычная школа для школьнікаў
“Але ёсць і больш маштабныя мары. Вялікая мара – гэта стварыць паўнавартасную школу, праводзіць форумы і круглыя сталы для гарадскіх кіраўнікоў, даследчыкаў і жыхароў. Я мару аб урбаністычным кіна-фэсце, аб тым, каб гэта рабілася даступным, папулярным, цікавым.
Urban Lab 11 паказвае, што гарадская трансфармацыя не абавязкова ідзе толькі зверху ўніз – ад гарадскіх уладаў, ад архітэктараў і горадабудаўнікоў. Яна можа пачынацца і знізу, з людзей, якія проста захацелі зрабіць горад больш камфортным і сталі звяртаць увагу на свае адчуванні і свой вопыт.”

