Берасцейшчына багатая на таленавітых людзей, але ў гонар каго часцей названыя вуліцы, чые імёны ва ўсіх на вуснах? Імёны мужчын. Праект “Знакамітыя жанчыны Берасцейшчыны“ быў створаны для таго, каб паказаць, якія крутыя ў нас жанчыны, які важны ўнёсак яны зрабілі ў нашу гісторыю і культуру.
Ірына Макарчук напісала невялікі цыкл артыкулаў на гэтую тэму.
“Мне вельмі хацелася паказаць іх, паказаць, што яны існуюць. Быў напісаны спіс жанчын, якія заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі, урэшце рэшт былі адабраныя 5 жанчын і артыкулы былі напісаныя менавіта пра іх.
(Але я лічу, што кожная жанчына Берасцейшчыны заслугоўвае, каб ёй ганарыліся і яе шанавалі)“ – расказвае Ірына.
Гераінямі артыкулаў сталі:
Марыя Андрайковіч-Бутаўт – першая беларуская прафесійная жанчына-мастачка.
Надзея Шнаркевіч – беларуская грамадская і культурная дзеячка, феміністка, настаўніца, краязнаўца.
Яўгенія Янішчыц – знакамітая беларуская паэтка, “Палеская ластаўка“, дэлегатка ад БССР на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Алена Аладава – мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 1944 – 1977 гадах.
Ніна Мацяш — беларуская паэтэса і перакладчыца, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Кожная з гэтых жанчын – скарб і гонар нашага краю, яны заслугоўваюць нашай павагі і памяці, таму што павага і памяць даюць бессмяротнасць.
Аўтарка хоча сказаць вялікі дзякуй усім тым, хто дапамагаў ёй у рэалізацыі гэтага праекта.

