Якія вашы першыя асацыяцыі да слова «Сярэднявечча»?
Магчыма, палацы, дамы і рыцары? Ці хацелі б вы аднойчы трапіць у мінулыя часы, даведацца больш пра жыццё і побыт, адчуць сябе частачкай іншай эпохі?
Падарожжа ў часе магчымае: на майстар-класах Ірмеры (Вольгі Асмалоўскай) кожны жадаючы мог пагрузіцца ў атмасферу Сярэднявечча.


Майстар-класы праходзілі ў Брэсце, і былі прымеркаваныя да выхаду кніжыцы сярэднявечных рэцэптаў, адаптаваных пад сучаснасць. Кніжыца была створаная Ірмерай і Юргенам, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі брэсцкага Рыцарскага клуба «Эльбінг»:
“Гэтая невялікая кніга, створаная намі, Юргенам і Ірмерай, запрашае цябе адкрыць для сябе дзіўны свет страў, якія калісьці цешылі каралёў і простых людзей, аб’ядноўваючы іх за адным сталом.
Сярэднявечча – гэта не толькі час рыцараў і прыўкрасных дам, але і эпоха, калі кулінарыя рабілася мастацтвам. У нашым зборніку прадстаўлены рэцэпты, заснаваныя на старажытных традыцыях, а таксама цікавыя факты аб жыцці людзей таго часу. Якія спецыі былі ў ходзе ў кухароў, як гатавалі ежу на баляваннях і якія незвычайныя інгрыдыенты выкарыстоўваліся для стварэння вытанчаных страў”
Кніжыца напісаная простай, зразумелай мовай і мае прыгожыя і яркія ілюстрацыі, таксама ў ёй змешчаны цікавыя факты пра эпоху. На мк ўдзельнікі маглі не толькі прыгатаваць і паспрабаваць нейкую цікавую страву адтуль, але і даведацца пра яе гісторыю, пачуць займальныя факты, а таксама апрануць старадаўні строй і сфатаграфавацца ў ім.
Наведвальнікі сярэднявечных кулінарных майстар-класаў навучыліся гатаваць грушы ў віне і пармскі пірог, змаглі атрымаць асалоду ад цікавай, сяброўскай і ўтульнай атмасферы.


Таксама ў серыі майстар-класаў было некалькі сустрэч, прысвечаных сярэднявечным рамёствам. На адным з такіх можна было даведацца пра тэхніку набойкі малюнка фарбай на тканіну і ўпрыгожыць свой шопер ці футболку. На другім – зварыць мыла па старадаўнім рэцэпце, даведацца пра тое, як людзі раней сачылі за сабой, разбурыць некаторыя міфы і атрымаць з сабой кавалак духмянага мыла.


Яшчэ адна сустрэча стала лекцыяй-дэгустацыяй: на ёй можна было не толькі даведацца гісторыю ўзнікнення і станаўлення піваварства, некаторых відаў і сартоў піва, але і параўнаць некаторыя з напояў.
Лекцыя была багатай на цікавыя факты: напрыклад, удзельнікі даведаліся, што першапачаткова піваварства было жаночай, нават рытуальнай справай.
Усе майстар-класы былі цікавымі і займальнымі і дазволілі ўдзельнікам больш даведацца пра такую далёкую і загадкавую эпоху Сярэднявечча.


На кожнай лекцыі і МК было разыграна па 5 кніг, атрымалі такі падарунак тыя шчасліўчыкі, паперкі з імёнамі якіх былі выцягнутыя з кошыка.
Ірмеру ўжо запрасілі правесці яшчэ некалькі падобных МК і ў хуткім часе будзе анонс.
Улетку кніжыцы будуць разыграныя на рыцарскіх фестывалях і майстар-класах.
Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Ірмеры, каб даведацца пра новыя цікавыя падзеі і факты.

