Гэтай гісторыі магло б і не быць, калі б не ініцыятыва мясцовых жыхароў. Тры гады таму берасцеец Ягор Шашкоў, аматар бегу, пазнаёміўся з дырэктарам базавай школы ў вёсцы Яцкавічы Брэсцкага раёна. У самой вёсцы ў Ягора дача, і неяк само сабой у размове закранулі тэму арганізацыі спаборніцтваў для дзяцей. Адкладаць справу ў доўгую скрыню не сталі, і ўжо восенню правялі першую гонку пад назвай «Яцкавіцкія прасторы». Але адразу задалі высокую планку: школьнікі атрымалі нагрудныя нумары, стартавыя пакеты і медалі на фінішы.
— Мерапрыемства прайшло на такім узроўні, што ўжо праз год яго ўключылі ў спіс раённых, а пасля і абласных стартаў, — дзеліцца Ягор. — А мы пачалі праводзіць забегі і для дарослых. Сёлета ў нас было каля ста дзяцей і двухсот дарослых удзельнікаў.

«Яцкавіцкія прасторы» сёння — гэта сапраўдны лёгкаатлетычны прабег па палях і лясах Брэсцкага раёна. Бегуны-аматары самастойна пракладваюць маршрут праз маляўнічыя палескія лясы. Кажуць, тут можна сустрэць касулю ці нават лася.
За месяц да спаборніцтваў пачынаецца самая гарачая пара: распрацаваць дызайн медалёў, дамовіцца пра напаўненне стартавых пакетаў, прыдумаць канцэпцыю самога пакета, каб гэта быў не проста куль, а шопер ці, як сёлета, спартыўная сумка для абутку. Усе гэтыя атрыбуты трэба закупіць або пашыць, нанесці на іх лагатып. Шмат працы валанцёры робяць уручную — сапраўдны hand made.

Але ў красавіку гэтага года арганізатары пайшлі яшчэ далей. З кожным стартам, а цяпер іх праводзяць двойчы на год, станавілася ўсё больш відавочна: мерапрыемства атрымліваецца асаблівым, не шаблонным. У якасці партнёраў да яго далучаецца ўсё больш людзей, прадстаўнікоў буйнога і малога бізнесу.
Сёлета партнёрамі спартыўнага свята сталі кампаніі «Брэмар» і «Савушкін» (ад іх жа — значная колькасць удзельнікаў), але і меншыя бізнесы працягваюць падтрымліваць арганізатараў у іх ініцыятыве. Свае прызы ўдзельнікам прапанавалі «Перфект», «Экзон», студыя прыгажосці «New Look», модная кавярня «Бульвар», кветкавая майстэрня «Анфлор». Некаторыя падтрымліваюць праект таму, што самі нарадзіліся і выраслі ў Яцкавічах.
Вялізную ролю ў гэтым свяце адыгрываюць валанцёры. Каб іх было відаць здалёк, сёлета для валанцёраў на дыстанцыі закупілі яркія зяёныя манішкі. Задача валанцёраў «у полі» — закрыць праблемныя ўчасткі трасы там, дзе ёсць верагоднасць збіцца з маршруту, прапанаваць атлетам ваду і, вядома ж, падтрымаць іх падчас дыстанцыі.


— Мерапрыемства прайшло на найвышэйшым узроўні, — распавядае адзін з удзельнікаў. — Пачынаючы ад арганізацыі старту і фінішу і заканчваючы разметкай. Вялікі дзякуй арганізатарам. Абавязкова прыедзем яшчэ!



Першапачаткова задачы аб’яднаць людзей, якія ніяк не звязаныя паміж сабой у жыцці, не было, але фактычна менавіта так і атрымалася. Рамеснік пляце кошыкі, якімі напаўнялі прызы для пераможцаў, невялікая мануфактура вырабляе медалі і кубкі. Дырэктар школы асабіста гатуе наварыстую юшку для гасцей пасля забегу, а мясцовы сельскі клуб запрашае на выставы.
— Калі мы пачыналі гэтую задуму, — працягвае Ягор, — думалі, што атрымаецца невялікая імпрэза для сваіх: правядзём забег для дзяцей, самі пабягаем з сябрамі, пасядзім на двары маёй дачы. Але ў нейкі момант сітуацыя выйшла з-пад кантролю, — смяецца ён. — Людзі, закаханыя ў бег, працуюць у розных сферах, распавядаюць пра такую магчымасць свайму кіраўніцтву. Так у нас і з’явіліся партнёры — «Брэмар» і «Савушкін»: проста там працуе шмат людзей, якія любяць бег, і яны прапанавалі зрабіць «Яцкавіцкія прасторы» адным са стартаў для актыўнага адпачынку. І адзначу: многія беглі дыстанцыю паўмарафону, якую практычна немагчыма прабегчы без падрыхтоўкі. Значыць, людзі трэніруюцца.

Дарэчы, адным з галоўных прызоў для ўдзельнікаў па традыцыі стаў… мех бульбы. І гэтая дэталь адразу разышлася па сацыяльных сетках. А калі нейкі элемент свята становіцца мемам, гэта намякае на доўгае жыццё падзеі.
Да сустрэчы восенню!
Сачыце за старонкай Яцкавіцкіх прастораў у інстаграм.

