Дрэва – сімвал трываласці і даўгавечнасці, а таксама вельмі прыгожы і карысны элемент гарадскога пейзажу. Высадка свайго дрэва – цудоўны спосаб не толькі паклапаціцца пра экалогію, але і добра правесці час з блізкімі людзьмі.
Чальцы клуба актыўных бацькоў “Без межаў“ разам з ініцыятывай “Зялёная спадчына“ высадзілі дрэвы на набярэжнай.

Ідэя такога івенту ўзнікла даўно:
“У мінулым годзе мы з сям’ёй бралі ўдзел у праекце аб’яднання “Зялёная спадчына” і пасадзілі сваё сямейнае дрэва на набярэжнай Берасця. Сама ідэя пасадкі дрэва мне падаецца вельмі класнай. Праз шмат гадоў можна будзе з ужо дарослымі дзецьмі сядзець пад ценем дрэва з фамільнай таблічкай, успамінаць пра іх дзяцінства, пра саму пасадку, разважаць пра нешта глыбокае і вечнае.” – расказвае берасцейка Ксенія.
І паколькі Ксенія з’яўляецца сябрам клуба актыўных бацькоў “Без межаў”, ужо тады ў яе ўзнікла думка аб тым, што было б класна пасадзіць нешта кшталту алеі дрэваў сем’яў клуба.
“І сам працэс класны, сумесная дзейнасць усіх чальцоў сям’і вельмі аб’ядноўвае і дае падставу для больш душэўных і цесных сувязяў. І вынік дзейнасці відаць: вось яно, дрэва, якое расце. І адчуваеш сябе датычным да нечага важнага – клопат аб экалогіі і прыгажосці горада.“ – дзеліцца Ксенія.

І вось сёлета атрымалася рэалізаваць гэтую ідэю.
“Я звязалася з Анатолем Арловым, кіраўніком аб’яднання «Зялёная спадчына». Аказалася, што ёсць ужо зацверджаны план пасадкі, ёсць дрэвы для высадкі. «Значыць, трэба саджаць!» Яшчэ я падумала, што ўсе дзеці нашага клуба маюць асаблівасці развіцця, таму, магчыма, не ўсе з іх змогуць прыняць непасрэдны ўдзел у самім працэсе пасадкі: капаць яму ці паліваць дрэва. Таму з’явілася ідэя запрасіць аніматараў для дзяцей. Я размясціла аб’яву на сваёй старонцы ў сацсетках аб пошуку аніматараў-валанцёраў. І адгукнулася студыя дзіцячых свят «Тэлепорт». Таксама знайшоўся і фатограф-валанцёр. Ну і каб зрабіць сапраўдны пікнік, мы вырашылі захапіць з дому пачастункі і напоі і замовіць яшчэ дадаткова піцу, яе любяць амаль усе дзеці.”

Нягледзячы на пахмурнае надвор’е ў той дзень, пікнік сапраўды стаў святам: дзеці весяліліся з аніматарам і дапамагалі бацькам, бацькі актыўна саджалі дрэвы, а потым усе разам елі піцу і смачныя стравы. А дзякуючы фатографу Аляксандру Галаху ўсе гэтыя цудоўныя моманты захаваліся на фота.
Ксенія перажывала, як адгукнуцца на ідэю ўдзельнікі клубу. Але да яе радасці, амаль адразу знайшліся 15 сем’яў жадаючых, і іх насамрэч было больш, проста не ўсім падыходзіла дата.

Тое, што мерапрыемства знайшло водгук ва ўдзельнікаў, Ксенія зразумела па іх паведамленнях. Вельмі многія сем’і пісалі словы падзякі і свае яркія ўражанні ад удзелу, хтосьці адзначыў, што нават дзіцяці-падлетку спадабалася гэтая падзея, а яго складана звычайна далучыць да нечага.

“Зараз кожны раз, бываючы на набярэжнай, мы абавязкова ідзем на нашу алею адведаць свае сямейныя дрэвы і абмяркоўваем з дзецьмі свае саджанцы. А калі да нас прыязджаюць госці, мы абавязкова вядзем іх на набярэжную і з гонарам паказваем свае дрэвы.“ – прызнаецца Ксенія і дадае:
“Калі сапраўды, я вельмі спадзяюся, што ў нас яшчэ з’явіцца магчымасць прыняць удзел у пасадцы дрэў у горадзе. Верагодна, амаль кожны з нас саджаў дрэва ў сябе ў двары ці ў агародзе, але калі ты бачыш дрэва з шыльдачкай са сваім прозвішчам прама ў цэнтры роднага горада – гэта ўжо зусім іншыя адчуванні.”

Падпісвайцеся на Інстаграм-старонкі клуба актыўных бацькоў “Без межаў“ і ініцыятывы “Зялёная спадчына”, каб сачыць за новымі цікавымі падзеямі.

