Дзецікава & co

Графіка нашага настрою

Часта тое, што мы не можам выказаць словамі, знаходзіць сваё адлюстраванне ў творчасці. Разважаючы пра гэта, мастачка Людміла прыдумала правесці серыю майстар-класаў па графіцы для ўдзельнікаў Клубнага дома — месца, дзе падтрымліваюць людзей з ментальнымі расстройствамі. А каб майстар-класы былі сапраўды карыснымі, яна запрасіла да ўдзелу псіхолага Юлія.

— Тэма майстар-класаў — успомніць вобраз, які падтрымлівае нас у складаныя моманты, — распавядае Людміла. — Мне здаецца, такія гісторыі вельмі важна раскрываць разам са спецыялістам, таму цудоўна, што ў гэтым праекце нас падтрымліваў псіхолаг.

Мастацтва графікі на першы погляд здаецца простым. На паперы ствараецца вобраз, пасля чаго малюнак пераносіцца на пластык, і ўжо ён становіцца адбіткам, які потым можна з  дапамогай тыпаграфскай фарбы тыражаваць на паперы, ствараючы паштоўкі, або тканіне, каб зрабіць стыльны шопер з прынтам ці нашыўкай. Асаблівасць у тым, што гэтым разам ствараюцца не выпадковыя малюнкі, а ўнутраныя вобразы, якія дапамагаюць спраўляцца з цяжкімі станамі.

Першы майстар-клас быў закрытым — выключна для наведвальникаў Клубнага дома. Другі — інклюзіўны: да ўдзельнікаў Клубнага дома далучыліся гараджане. Псіхолаг працаваў з абедзвюма групамі, дапамагаў пачуць свой унутраны голас, падабраць патрэбны вобраз. А падчас другой сустрэчы яшчэ і спрыяў камунікацыі паміж удзельнікамі.

Для Людмілы гэта ўжо другі досвед сумеснай працы з псіхолагам. Раней яна таксама праводзіла майстар-класы па лепцы для ўсіх ахвотных, але з мэтай перанесці фокус з выніку на сам працэс. Адсюль і вырасла ідэя цяперашняга праекта: мы — не тое, што ствараем, а тое, як мы гэта робім. Майстар-клас па кераміцы называўся «Змякчэнне», а цяперашні праект атрымаў іншую назву — «Сутыкненне» — як сустрэча з сабой, сваімі страхамі і людзьмі, не падобнымі на цябе самога.

Таксама ў мастачкі быў досвед працы з дзецьмі. Тады Людміла заўважыла, што ў малых атрымліваліся вельмі шчырыя працы, а ў вачах свяцілася непадробная цікавасць — якім жа атрымаецца новы адбітак. Так з’явілася думка, што ў людзей з ментальнымі расстройствамі можа быць такая ж шчырая рэакцыя.

— Тэма цяперашняга майстар-класа даволі вострая. У паўсядзённым жыцці мы часта стараемся пазбягаць зносін з людзьмі, якія адрозніваюцца ад большасці. У грамадстве замацаваная пэўная стыгма ў адносінах да такіх людзей. Вядома, гэта немагчыма змяніць за адну сустрэчу, але калі такія знаёмствы будуць адбывацца з розных нагод, наша грамадства стане больш інклюзіўным. А гэта аднолькава патрэбна абодвум бакам.

Чаканні ад майстар-класаў апраўдаліся. Удзельнікі настолькі натхніліся працэсам стварэння адбіткаў, што з’явілася ідэя арганізаваць выставу. А саміх удзельнікаў захапіла тое, што іх праца — не аднаразовая: адбіткі можна паўтараць шматкроць і на розных паверхнях.

 

Такім чынам, праект яшчэ не завершаны. Выстава спачатку не ўваходзіла ў планы, але ўжо ў найбліжэйшы час яна адкрые свае дзверы ў сценах Клубнага дома. Так творчасць удзельнікаў атрымае другое дыханне — яны змогуць убачыць і паказаць блізкім, што ў іх атрымалася. А сам праект стане яшчэ больш інклюзіўным, бо на выставу зможа прыйсці кожны.