Жыццё часам падкідвае задачы, больш мудрагелістыя за любы кінасцэнар. І нярэдка б’е проста пад дых. У такія моманты важна не апускаць рукі, не плыць далей па цячэнні, а знайсці апору — у сабе ці ў знешніх рэсурсах. Такой «кропкай зборкі» для жанчын, якія перанеслі анкалагічнае захворванне, стаў клуб «Я люблю жыццё». А брэсцкая майстрыца, мылавар і парфумер Вольга Асмалоўская ўжо шмат гадоў праводзіць для ўдзельніц клуба розныя майстар-класы.
Па сутнасці, усё, што ўмее рабіць Вольга, яна адаптавала для такіх рэгулярных сустрэч. Раней на яе занятках жанчыны вучыліся варыць мыла, пяклі пірагі. Як прыхільніца гістарычнай рэканструкцыі, Вольга прапаноўвала ўдзельніцам клуба паспрабаваць сярэднявечныя тэхнікі нанясення ўзораў на тканіну і многае іншае.

Адной з апошніх серый такіх сустрэч стаў воркшоп па чаканцы.
— Гэтыя майстар-класы я вырашыла правесці не адна, а разам з ароматэрапеўтам Святланай. Чаканка — гэта тэхніка, якая дазваляе ператварыць просты ліст металу, у нашым выпадку алюмініевую фальгу, у сапраўдны шэдэўр. З дапамогай спецыяльных інструментаў мы выціскалі ўзоры, якія пасля афармлялі ў рамкі. Тэма майстар-класа — расліны. І нашы ўдзельніцы маглі стварыць для сябе эфектнае ўпрыгожанне інтэр’еру. А мая калега пазнаёміла жанчын з эфірнымі алеямі і паказала, як злучыць тры цэнтры — мозг, душу і цела — праз водары і медытацыю.

Тэхнікай чаканкі Вольга займаецца выключна на аматарскім узроўні: разам з дзецьмі стварала ёлачныя ўпрыгажэнні і іншыя дэкаратыўныя рэчы для інтэр’еру. Аднак з самой тэхнікай дзяўчына знаёмая яшчэ з дзяцінства. Калісьці яна займалася ёю ў школе. У тыя часы матэрыялы для творчасці былі дэфіцытам. Вольга памятае, што на ўрокі выяўленчага мастацтва настаўнік прасіў прыносіць алюмініевыя тубы ад зубной пасты. Іх вывярталі, і пачыналася сапраўдная магія — просты ліст металу набываў незвычайную форму. Акрамя таго, меднай чаканкай займаўся дзядзька Вольгі, таму з настаўнікамі ёй пашанцавала.

На майстар-класах усё пачыналася з шаблону. Спачатку на паперы малявалі батанічныя элементы, якія пасля пераносілі на метал. Тыя, хто ўмеў добра маляваць, адразу наносілі ўзоры на фальгу. А далей усё залежала ад фантазіі майстрыц. Усе срэбраныя расліны афармляліся ў драўляныя рамкі, пры жаданні можна было падкласці фонам тканіну або зрабіць суцэльны фон.
— Часта пасля анкалагічнага захворвання ў жанчын могуць узнікаць парушэнні дробнай маторыкі, і такія майстар-класы якраз дапамагаюць прадухіляць падобныя станы. Таму гэтыя сустрэчы маюць не толькі забаўляльны, але і тэрапеўтычны эфект.

А ў перапынках паміж працай з фальгой надыходзіў час сапраўднага араматычнага захаплення. Удзельніцы выбіралі алеі па водары, даведваліся іх назвы і тое, на якія сферы арганізма яны ўплываюць. Гэта дапамагала расслабіцца і наладзіць сябе на далейшую працу.
Жыццё — гэта не тое, што можна перапісаць нанова або стварыць паводле ідэальнага ўзору. І калі лёс сутыкае нас з нечаканымі выпрабаваннямі, важна не апускаць рукі і навучыцца жыць нават у самых непрадказальных абставінах. Менавіта пра жыццё, яго каштоўнасць і здольнасць рухацца далей — такія сустрэчы.
За новымі ініцыятывамі Ірмеры сачыце на яе старонцы.

