Дзецікава & co

Не толькі пра кветкі: як у Берасці расліны сталі інструментам інклюзіі

Як стваральніца адукацыйнай платформы і экспертка па раслінах перадаюць веды людзям з ментальнымі асаблівасцямі/

Што будзе, калі аб’яднаць інтэрнэт і расліны? На першы погляд — нешта несумяшчальнае. Але не тады, калі за справу бяруцца дзве цудоўныя дзяўчыны. Адна з іх — Мар’я — добра вядомая ў Берасці дзякуючы шэрагу зялёных ініцыятыў. Пад яе ўважлівым кіраўніцтвам рэгулярна адбываецца абмен пакаёвымі раслінамі, а летась берасцейцы атрымалі магчымасць пасадзіць сямейнае дрэва на Набярэжнай. Мы праверылі — дрэвы на месцы.

Другая — Мілана — таксама захапляецца раслінамі як аматарка і паралельна распрацоўвае адукацыйную платформу для такіх жа пачаткоўцаў, як і яна сама, — florita.life.

І вось, калі праект быў амаль гатовы, Мілана задумалася: а што далей? Ці будзе гэта камусьці патрэбна? Пошук у сацыяльных сетках не прынёс вынікаў. Дзяўчаты так і працягвалі б ствараць прыгожае і зялёнае кожная ў сваім асяродзі, каб не яшчэ адно знаёмства — на гэты раз з Юляй з Клубнага дома. Менавіта яна звязала дзве ніткі ў адзін вузел. Мілана напісала Мар’і ў Instagram і прапанавала сустрэцца.

— Гэтая размова стала вельмі моцным штуршком наперад. Менавіта ад Мар’і я даведалася тое, чаго не хапала майму праекту: сапраўдных ведаў пра расліны. Я спецыялістка ў сферы адукацыі, а яна — экспертка-практык. Аказалася, што мы проста дапаўняем адна адну. Для Мар’і наша супрацоўніцтва стала яшчэ адной магчымасцю данесці веды пра расліны да больш шырокай аўдыторыі праз адукацыйны фармат.

Але першым крокам дзяўчат стаў майстар-клас па раслінаводстве для ўдзельнікаў Клубнага дома, які адбыўся напрыканцы красавіка. Былі прапанаваныя чатыры тэмы, што выклікаюць найбольш пытанняў у пачаткоўцаў.

Першая — чаранкаванне: як з невялікага кавалачка галінкі ці сцябла атрымаць новую расліну. У гэтым раздзеле ўдзельнікі даведаліся, што для ўкаранення дастаткова вады або перліту, а звычайны пластыкавы шкляначка можа замяніць міні-цяпліцу для такой маленькай расліны.

Яшчэ адна тэма — грунт і перасадка. Чаму так важна даводзіць крамны грунт да патрэбнага стану. Галоўная выснова — шчыльны грунт затрымлівае ваду і таму можа стаць прычынай гібелі большасці хатніх раслін.

Фіцільны паліў — сістэма аўтапаліву з двух шкляначак і кавалачка капронавай тканіны. Ідэальнае рашэнне для тых, хто часта з’язджае або проста забываецца паліваць расліны.

Рэанімацыя раслін — што рабіць, калі кветка ўжо пачала вянуць. Спойлер: у большасці выпадкаў сітуацыю можна выправіць, калі своечасова дастаць расліну з гаршка і агледзець карані.

Пасля майстар-класа кожны ўдзельнік атрымаў грунтоўны канспект — чатыры старонкі з пакрокавымі інструкцыямі па доглядзе за раслінамі.

— У Берасці існуе шмат цікавых праектаў, якія развіваюцца кожны ў сваім кутку, — кажа Мілана. — І мне вельмі хочацца, каб гісторый супрацоўніцтва было больш. Ідэі пачынаюць узаемна ўзбагачаць адна адну і ў выніку раскрываюцца значна мацней, чым калі б кожны дзейнічаў самастойна.

Менавіта такі прыклад і атрымаўся: адукацыйная методыка florita.life, батанічная экспертыза rasliny_brest і пляцоўка разам з інклюзіўнай місіяй Брэсцкага клубнага дома. Тры праекты, адзін майстар-клас і шаснаццаць чалавек, якія цяпер ведаюць, што рабіць з завялым фікусам.

 

Майстар-класы — не канчатковая кропка. Цяпер дзяўчаты працуюць над стварэннем Фіталабараторыі на базе Клубнага дома. Яна дапаможа людзям з ментальнымі асаблівасцямі навучыцца вырошчваць расліны і перадаваць гэтыя веды іншым. У перспектыве ўдзельнікі самі змогуць праводзіць падобныя мерапрыемствы, набываць новыя навыкі і раскрываць сябе з нечаканага боку.

Сачыць за развіццём праектаў можна тут: