Мацярынства — гэта не толькі пяшчота дзіцячай скуры, першая ўсмешка немаўлята, карункавая дзіцячая вопратка і адабрэнне блізкіх. Гэта яшчэ і бяссонныя ночы, пастаянны страх за малое, боязь зрабіць нешта не так і… адзінота. Прынамсі на тры гады адпачынку па доглядзе за дзіцём жанчына губляе звыклае сацыяльнае асяроддзе, і яшчэ некалькі гадоў яе час будзе строга рэгламентаваны патрэбамі дзіцяці — да таго моманту, пакуль яно не пачне самастойна хадзіць у школу і на дадатковыя заняткі.
Усе гэтыя станы псіхолаг Ксенія Клецкова назірала ў сваіх сябровак, якія сталі мамамі. Так узнікла ідэя арганізаваць сустрэчу для жанчын з дзецьмі да трох гадоў, каб кожная адчула: яна не адзінокая ў сваіх пачуццях. І галоўнае — яна асоба, а не проста функцыя.

— На гэтай сустрэчы не трэба было трымацца, дазвалялася быць нязручнай, не ўсміхацца праз сілу, можна было плакаць або смяяцца. Нашай агульнай задачай было разабрацца, як маме знаходзіць час не толькі для дзіцяці, але і для сябе.
Пасля лекцыі і размовы жанчынам прапанавалі намаляваць свае эмоцыі на палатне, выпляснуць энергію.
— У сваёй практыцы я люблю розныя формы працы з людзьмі. Гэта і індывідуальная тэрапія, і групавая работа. Акрамя таго, я зразумела, што некаторыя людзі яшчэ не гатовыя да працяглай працы з псіхолагам, але ім хочацца разабрацца ў пэўных псіхалагічных пытаннях. Так нарадзіўся праект «Адказ у табе» — гэта кароткія разавыя сустрэчы з псіхолагам на спецыфічныя тэмы. Звычайна мы збіраемся ў кавярні, абмяркоўваем нейкую тэму: я рыхтую лекцыю, а пасля адбываецца свабодная дыскусія. Для многіх людзей гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з работай псіхолага.

Сустрэча з маладымі мамамі ў гэтай гісторыі займае асобнае месца. Для ўдзельніц яна была бясплатнай. І, як высветлілася пазней, мела вельмі важны «пабочны эфект». Жанчыны адзначалі, што, пакідаючы дзяцей з іншымі дарослымі на працяглы час, баяліся, што ім патэлефануюць і ў любы момант давядзецца ўсё кінуць і ехаць дадому «тушыць пажары». Аказалася ж, што за тры гадзіны дома ўсе выдатна ладзілі паміж сабой і не турбавалі маму. Гэта таксама трэба прыняць у сабе — навучыцца адпускаць унутранага кантралёра, не баяцца жадаць зрабіць нешта выключна для сябе, пабачыць, што ты не адна.

— На гэтай сустрэчы я зразумела, што шмат раблю для сябе, каб заставацца ў рэсурсе. Але сваім самакапаннем толькі перашкаджаю сабе, — падзялілася адна з удзельніц. — Дзякуючы гэтай сустрэчы і тэхніцы малявання я зразумела, што зрабіць першы крок не так складана, і нават ведаю, што менавіта трэба зрабіць.

Другая ўдзельніца падтрымлівае гэтую думку:
— Сустрэча падарыла мне стан душэўнага спакою і прымусіла па-новаму паглядзець на сваё жыццё. Аказваецца, вакол шмат пазітыўнага і добрага, а яшчэ ў маіх руках магчымасць зрабіць час дэкрэтнага адпачынку больш радасным і прыемным. Дастаткова проста кожны дзень знаходзіць час для нейкіх спраў дзеля сябе і свайго душэўнага стану. Важна было абмеркаваць свае перажыванні з тымі, хто знаходзіцца ў падобнай сітуацыі і разумее мяне лепш за іншых. Маляванне — гэта асобны від адпачынку, калі можна адключыць думкі і проста пабыць сабой.

Мацярынства – не турма. Гэта адзін з этапаў у жыцці жанчыны. Варта яго перажыць, каб потым вярнуць сябе сабе.

