Пра харчаванне і яго ўплыў на здароўе, найперш дзіцячага арганізма, Ганна Пуціліна ведае з уласнага досведу. Менавіта правільна сфарміраваная талерка ў свой час дапамагла маладой маці пазбавіцца ад чарады бясконцых хвароб у дзіцяці. Ганна прайшла адно навучанне нутрыцыялогіі, потым другое і цяпер добра разумее: мы ёсць тое, што ямо. Уласны досвед падштурхнуў яе да думкі, што атрыманыя веды трэба несці людзям. Так узнікла ідэя арганізаваць сустрэчы для дзяцей з сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва і расказаць ім пра асновы здаровага харчавання.

Дзве такія сустрэчы прайшлі ў спецыяльнай школе для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, яшчэ адна — у Клубе юных маракоў для дзяцей большасцю са шматдзетных сем’яў. Прычым у першай установе першапачаткова планавалася толькі адна лекцыя, але дзецям настолькі спадабалася, што яны папрасілі арганізаваць яшчэ адну сустрэчу.
— Для розных катэгорый дзяцей трэба было знайсці свае падыходы. Вучням спецыяльнай школы я прапанавала інтэрактыўную лекцыю з гульнёй, падчас якой яны павінны былі навобмацак адгадаць карысныя прадукты. Мне хацелася зразумець, што дзеці ведаюць пра здаровае харчаванне і правіла талеркі. Давялося выкарыстоўваць вобразныя параўнанні: на прыкладзе будаўніцтва дома я тлумачыла, як уладкаваны арганізм чалавека і што неабходна для таго, каб пабудаваць трывалы дом. Пры гэтым я выкарыстоўвала не толькі простыя гародніну і садавіну, якія лёгка пазнаць, але і больш складаныя прадукты, напрыклад спаржу. Паралельна я расказвала пра карысць кожнага з іх.

Адна з любімых тэм Ганны — шкода газаваных напояў. Многія нават не здагадваюцца, які разбуральны ўплыў яны могуць аказваць на арганізм. Для нагляднасці спецыялістка распрацавала спецыяльны плакат і падарыла яго школе. Для слухачоў гэтая інфармацыя стала сапраўдным адкрыццём.


Працаваць з такой катэгорыяй дзяцей аказалася нескладана, хоць спачатку былі асцярогі, што ім будзе цяжка ўспрымаць інфармацыю. Але ўсе вельмі актыўна ўдзельнічалі ў гульнях і ахвотна адгукаліся на прапановы Ганны. А пасля папрасілі прыйсці яшчэ раз.

Наступная сустрэча была прысвечана больш складанай тэме — на гэты раз дзеці адгадвалі крупы. Пра кожную з іх Ганна расказвала цікавыя факты. Як жа было прыемна потым атрымаць водгук ад педагога: вярнуўшыся дадому, дзеці прад’яўлялі бацькам цэлыя спісы круп, якіх не хапае дома, і пераконвалі, чаму іх варта набыць. Да гэтай сустрэчы Ганна таксама спякла карыснае аўсянае печыва, каб паказаць, што крупы — гэта не толькі звыклы гарнір, але і аснова для смачных страў. Усе рэцэпты, пра якія згадвалася падчас сустрэчы, дзеці атрымалі дадому, каб замацаваць веды на практыцы.

У Клубе юных маракоў мерапрыемства прайшло ў іншым фармаце — дзеці самастойна рыхтавалі чыа-пудынг. Яны настолькі захапіліся працэсам, што папрасілі зрабіць па некалькі порцый для кожнага, каб пачаставаць бацькоў. І зноў усё адбывалася ў займальнай гульнявой форме, дзякуючы якой дзеці атрымлівалі новыя і цікавыя веды пра карысць розных прадуктаў.

— Думаю, гэта былі не апошнія нашы сустрэчы, — адзначае Ганна Пуціліна. — З Клубам юных маракоў мы супрацоўнічаем ужо каля года. Але гэтым разам сустрэчу ініцыявалі самі бацькі. Для мяне гэта выдатная магчымасць данесці карысную інфармацыю і да старэйшага пакалення.
Сачыце за старонкай Ганны ў інстаграм.

