На якія цікавосткі багатая Берасцейшчына? Якія малавядомыя куточкі могуць прыцягнуць вашую ўвагу? Пра гэта ведае Яўген – фатограф і захоплены матацыкліст, які зрабіў серыю відэа пра цікавыя мясціны брэсцкай вобласці.

З дзяцінства Яўген ездзіць па разнастайных прыгожых месцах нашай краіны, захапляецца, натхняецца, фатаграфуе.
“Ідэя распавесці людзям пра непапулярныя архітэктурныя цікавосткі нашага рэгіёну ў фармаце гутарковага відэа ўжо гадоў 10-15 круціцца ў маёй галаве, але я ўсё ніяк не рашаўся і не разумеў як гэта зрабіць, хоць за столькі гадоў я аб’ездзіў ужо вельмі шмат лакацый і не толькі ў брэсцкай вобласці.”
З рэалізацыяй гэтага праекта Яўгену дапамагла жонка.
Фармат быў абумоўлены спецыфікай старонкі Інстаграм, як самай папулярнай пляцоўкі для медыя кантэнту.
“Рабіць фота-пасты замест рылсаў мне было б прасцей, зручней і хутчэй, але практыка паказвае, што ў такога варыянту менш ахопаў.”
Для відэа былі абраныя малавядомыя куткі нашай Берасцейшчыны, да якіх можна лёгка дабрацца на матацыкле, машыне ці на іншым траспарце.
“Ідэя і філасофія гэтай задумы ў тым, каб распавесці людзям пра цікавыя месцы ў нашай вобласці, якія сапраўды вартыя ўвагі. Каб у далейшым паток турыстаў заахвоціў мясцовыя ўлады пачаць аднаўляць ці хаця б падтрымліваць з годным стане тыя руіны (а як правіла гэта менавіта руіны або будынкі на мяжы разрухі), пра якія я распавядаю ў сваіх відэа.”

Акрамя таго, хацелася расказаць і паказаць матацыклістам нашай краіны новыя цікавыя маршруты.
“Цыкл складаецца з 6 відэаролікаў. Адзін з іх пра тое, як я прыцягнуў да гэтага мерапрыемства наш мясцовы малы бізнэс (маленькую сямейную фірму, якая вырабіла мне тэматычны мерч (світшот) для гэтых вандровак). Астатнія пяць відэа – пра лакацыі якія я наведаў. У іх я расказваю гісторыю таго ці іншага помніка архітэктуры, паказваю відэа, фота, стараюся знаходзіць гістарычныя фоткі і таксама ўстаўляць у відэа.
Усе паездкі прайшлі добра, без здарэнняў) Матэрыял зняты, у нейкіх лакацыях мне ўдалося пагутарыць з людзьмі, што мне расказалі гістарычныя факты, пра якія я б нідзе нічога не знайшоў.“

У цэлым ужо зараз бачна па статыстыцы публікацый (праглядаў, каментароў, захаванняў, рэпостаў), што тэма людзям вельмі цікавая, фармат выбраны дакладна.
Самае шыкоўнае месца Берасцейшчыны, на думку Яўгена – капліца-пахавальня роду Рэйтанаў у Грушаўцы, аднак яна не ўвайшла ў цыкл.

“Я там быў шмат разоў і кожны раз застаюся ў захапленні. Пазней я з’езджу туды сам і зраблю відэа.”
У планах на будучыню ў Яўгена – працягваць здымку і публікацыю такіх відэаролікаў, паказваць прыгажосць і непаўторнасць роднага краю.
Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Яўгена, каб пабачыць яшчэ больш цікавых фотаздымкаў і відэа.

