Дзецікава & co

Фрымаркет — як аддаць непатрэбныя рэчы ў надзейныя рукі

Каб атрымаць нешта патрэбнае, трэба аддаць нешта непатрэбнае — менавіта так у некалькіх словах можна растлумачыць канцэпцыю фрымаркетаў. Калі людзі збіраюцца ў адной прасторы і абменьваюцца рэчамі, што страцілі сваю актуальнасць для канкрэтнай асобы. За апошні год у Берасці адбылося ўжо некалькі такіх сустрэч. Дзве апошнія прайшлі зусім нядаўна — у маі, а чарговая запланавана на канец ліпеня.

— Насамрэч я некалькі гадоў марыла, каб нехта ў нас пачаў ладзіць фрымаркеты. Думала пра тое, як прынясу туды свае непатрэбныя рэчы і, магчыма, знайду нешта цікавае для сябе. Мне здаецца, гэта выдатная магчымасць падарыць другое жыццё рэчам, якія ўжо не патрэбныя, і адначасова абнавіць свой гардэроб ці хатнія дробязі, — распавядае ініцыятарка фрымаркетаў у Брэсце Наталля. — Але ніхто так і не ўзяўся за гэтую ідэю, таму давялося заняцца ёю самой. Спачатку я планавала арганізаваць сустрэчу толькі для сяброў, але хутка высветлілася, што ў Берасці шмат людзей, якія хочуць далучыцца да гэтай экалагічнай ініцыятывы.

Першы фрымаркет сёлета адбыўся на летняй тэрасе кавярні «Параграф». Інфармацыю пра мерапрыемства распаўсюджвалі пераважна праз сацыяльныя сеткі. У выніку, паводле папярэдніх падлікаў, яго наведалі каля 150 чалавек.

 

Другі фрымаркет прайшоў у прасторы «Дэпо». Гэта ўжо добра знаёмая лакацыя: летась тут адбыліся тры падобныя сустрэчы. Праўда, наведвальнікаў было крыху менш, затое само мерапрыемства працягвалася даўжэй. Апошнюю гадзіну рэчы проста бясплатна раздавалі ўсім ахвотным. А выбар быў сапраўды вялікі: канцылярскія тавары, кнігі, абутак, адзенне — для дзяцей, жанчын і людзей сталага ўзросту.

Перад першымі фрымаркетамі Наталля баялася, што яе ідэю ніхто не падтрымае, і людзі проста не прыйдуць. Аднак усё атрымалася наадварот: удзельнікі прыходзілі, прыносілі рэчы, выбіралі тое, што ім патрэбна. Разам з гэтым яны знаёміліся, размаўлялі, смяяліся. Так простая экалагічная ідэя стала нагодай для новых сустрэч і добрых знаёмстваў. Дарэчы, на фрымаркет можна прыйсці і без сваіх рэчаў — звычайна іх заўсёды застаецца больш, чым паспяваюць забраць.

— З часам у нас з’явіўся ўласны «інвентар»: цяпер маем ужо пяць падлогавых вешалак, што значна спрашчае размяшчэнне рэчаў. У мяне няма ўласнага аўтамабіля, таму я вельмі ўдзячная сябрам, якія дапамагаюць даставіць усё неабходнае да месца правядзення. Многія, хто прыносіць рэчы для абмену, застаюцца і дапамагаюць арганізоўваць мерапрыемства. Мне здаецца, без такой падтрымкі мы не змаглі б праводзіць нашы сустрэчы так часта.

Наогул хацелася б заклікаць жыхароў іншых гарадоў таксама арганізоўваць у сябе фрымаркеты. У гэтым няма нічога складанага: дастаткова некалькіх вешалак, люстэрка і прасторы, якая пагодзіцца прыняць вас на некалькі гадзін. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, наладзіць новыя сацыяльныя сувязі, разабраць свае шафы і падарыць рэчам новае жыццё. На фрымаркеце можна знайсці сапраўды цікавыя знаходкі, а эмоцыі і ўражанні, якія ён дорыць, не купіш ні за якія грошы.

Два фрымаркеты ўжо адбыліся, але наперадзе — новыя сустрэчы. Сачыце за анонсамі і не забудзьцеся праверыць змесціва сваіх шаф — магчыма, там ужо чакаюць рэчы, якія змогуць прынесці радасць камусьці іншаму.


Падпісвайцеся на старонку фры маркетаў.