Дзецікава & co

Пра вакцынацыю — з навуковым падыходам

У 1980 годзе ў свеце было афіцыйна абвешчана пра поўную перамогу над адной з самых небяспечных вірусных хвароб — натуральнай воспай. Смяротнасць ад яе дасягала каля 30 %, а тыя, хто выжываў, нярэдка на ўсё жыццё заставаліся з цяжкімі наступствамі — рубцамі на скуры і нават слепатой. Вызначальную ролю ў гэтай перамозе адыграла вакцынацыя. Шлях да гэтага дасягнення быў доўгім: першыя вакцыны з’явіліся яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя. Але вынік быў варты ўсіх намаганняў. Сёння пра барацьбу чалавецтва з гэтай хваробай нагадваюць хіба што невялікія шнары на плячы ў людзей, якія нарадзіліся да 1980 года.

Тым не менш сёння тэма вакцынацыі выклікае шмат спрэчак, асабліва сярод бацькоў. Таму ёй была прысвечана адна з сустрэч «Акадэміі мам», якую ў Брэсце арганізоўвае педыятр Крысціна Камоцкая.

— Мая мэта была данесці да людзей інфармацыю праз разбурэнне распаўсюджаных міфаў. Я выступала як педыятр, а разам са мной — урач-інфекцыяніст Алена Кібук, якая асвятляла тэму са свайго прафесійнага пункту гледжання. Сёння кожны можа адкрыць інтэрнэт, знайсці інфармацыю па любой тэме і зрабіць уласныя высновы. Але калі гаворка ідзе пра здароўе дзяцей і ўсёй нацыі, вельмі лёгка паверыць людзям, якія не маюць медыцынскай адукацыі і спасылаюцца на непацверджаныя факты. Фразы вырываюцца з кантэксту, нешта няправільна перакладаецца, і ў выніку ў бацькоў узнікаюць сумненні. А калі пачынаеш разбірацца ў сутнасці, высвятляецца, што не ўсё так страшна.

Адным з найбольш вядомых міфаў стала сцвярджэнне, што вакцыны могуць выклікаць аутызм або затрымку развіцця. Калісьці такая інфармацыя сапраўды была апублікавана ў аўтарытэтным медыцынскім выданні. Аднак вельмі хутка даследаванне было абвергнута, але негатыўная слава пра прышчэпкі ўжо паспела шырока распаўсюдзіцца. Насамрэч жа час правядзення вакцынацыі проста супадае з узростам, калі ў некаторых дзяцей становяцца прыкметнымі першыя сімптомы аўтызму.

Крысціна падкрэслівае: пакаленне сённяшніх бацькоў было вакцынавана амаль на 100 %, а сучасныя вакцыны значна больш бяспечныя і якасныя, чым тыя, што выкарыстоўваліся ў нашым дзяцінстве. Захварэць ад вакцыны немагчыма: большасць прэпаратаў ствараецца на аснове нежывых мікраарганізмаў або толькі асобных іх кампанентаў, якія не здольныя выклікаць захворванне. Чалавеку без медыцынскай адукацыі вельмі складана адрозніць навукова абгрунтаваную інфармацыю ад міфаў, асабліва калі да гэтага дадаюцца шматлікія меркаванні з сацыяльных сетак.

— Пасля сустрэчы многія мамы падыходзілі са словамі падзякі і казалі, што цяпер ім будзе значна прасцей прымаць рашэнне пра вакцынацыю, бо зніклі многія ўнутраныя страхі. Для мяне гэта азначала, што мэта сустрэчы была дасягнута. Мы сапраўды не можам раскрыць над дзіцем ахоўны парасон і зберагчы яго ад усіх хвароб. Так, пасля вакцынацыі магчымыя пабочныя рэакцыі — павышэнне тэмпературы, пачырваненне або балючасць у месцы ін’екцыі. Але гэта зусім не тое, што генетычныя захворванні ці цяжкія ўскладненні, якімі часам палохаюць у інтэрнэце. Калі ж арганізм дзіцяці рэагуе нават на вакцыну, можна толькі ўявіць, наколькі цяжэй яму было б справіцца з сапраўднай інфекцыяй. Вакцынацыя не гарантуе стопрацэнтнай абароны ад заражэння, але істотна зніжае рызыку цяжкага цячэння хваробы і развіцця ўскладненняў. Акрамя таго, масавая вакцынацыя дазваляе сфармаваць калектыўны імунітэт, які абараняе людзей, што не могуць зрабіць прышчэпку па медыцынскіх паказаннях.

 

Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы ў фотастудыі L-room і доўжылася каля трох гадзін з перапынкам. Удзел у ёй змаглі ўзяць каля трыццаці чалавек, яшчэ некалькі ахвотных засталіся ў спісе чакання.

Спачатку лекары выступілі з лекцыяй, пасля чаго сустрэча перайшла ў фармат «пытанне — адказ». Маладых мам цікавілі асаблівасці падрыхтоўкі да вакцынацыі, прычыны медыцынскага адводу, а таксама магчымасць зрабіць прышчэпкі, якія не ўваходзяць у Нацыянальны каляндар вакцынацыі.

Напрыклад, сёння можна зрабіць прышчэпку супраць ветраной воспы. Хоць многія лічаць яе лёгкай дзіцячай хваробай, Алена Кібук адзначае, што ставіцца да яе легкадумна не варта.

— На першым годзе інтэрнатуры я сутыкнулася з выпадкам, калі дзіця памерла ад ветраначнага энцэфаліту. Таму недаацэньваць гэтую інфекцыю нельга. Акрамя таго, адным з яе магчымых наступстваў можа стаць апяразваючы герпес, які здольны праявіцца ў любым узросце.

Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася вакцынацыя супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ). Сёння яе найчасцей прапануюць дзяўчынкам, аднак інфекцыяніст настойліва рэкамендуе вакцынаваць і хлопчыкаў, бо яны таксама могуць быць носьбітамі віруса і ўдзельнічаць у яго распаўсюджванні.


Каб сачыць на новымі мерапрыемствамі, падпісвайцеся на старонку Акадэміі Мам.