Будзь актыўным

Дапамагу на бягу, або як аб’ядналі спорт і дабрачыннасць

Бярэсце цяжка назваць горадам бегу, але нейкі рух тут усё ж ёсць. А калі ёсць аматары цыклічных відаў спорту, значыць, будуць і ініцыятывы, якія аб’ядноўваюць людзей, звязаных з гэтым спортам. Так з’явілася ідэя «Дапамагу на бягу», галоўнай мэтай якой было павялічыць суму ахвяраванняў для грамадскага аб’яднання дапамогі бяздомным жывёлам «Дабрыня».

— Усё пачалося з размоў, — расказвае галоўны ініцыятар акцыі Пётр Русакевіч. — Нашы бегаючыя дзяўчаты рэгулярна казалі пра тое, што трэба сабрацца і дапамагчы прытулку «Дабрыня». Мы патэлеванавалі ў прытулак, даведаліся, што ім неабходна на пастаяннай аснове, кожны жадаючы набыў нешта са спісу. Корм, сурвэткі, сродкі гігіены — усё гэта мы завезлі ў прытулак. І ўбачылі, што наша дапамога — кропля ў моры. У нас вельмі шмат бяздомных жывёл, якім трэба пастаянна чымсьці харчавацца, праводзіць медыцынскія маніпуляцыі, рабіць прышчэпкі. Ад убачанага дзяўчаты ўразіліся яшчэ больш, а я прыдумаў, як маштабаваць гэтую ідэю.

Паколькі гэтых людзей аб’ядноўвае бег, прапанавалі зусім простую ідэю: пасля прабежкі чалавек выкладвае трэк і чэк, які пацвярджае яго данат у прытулак «Дабрыня». Ну а каб добрая справа не загубілася па дарозе, трэба было адзначаць старонку «Яцкавіцкія прасторы» ў сацыяльных сетках і хэштэг #дапамагунабягу. У якасці заахвочвання ўдзельнікі атрымлівалі тэматычны медаль.

 

Асноўная задача, з якой сутыкнуліся бегуны, — гэта немагчымасць вызначыць дакладную колькасць удзельнікаў і данатаў. Як аказалася, многія чыталі пра акцыю і проста пераводзілі суму на рахунак прытулку. Але пра тое, што акцыя была недарэмнай, гаворыць агульная сума ахвяраванняў, якія атрымала ГА “Дабрыня” ў месяц правядзення ініцыятывы — сума вырасла ў чатыры разы.

Першы такі праект прайшоў летам мінулага года. У гэтым годзе яго паўтарылі ў ліпені. І зноў.

— Лета — актыўны бегавы сезон, калі на прабежкі выходзяць і тыя, хто бегае пастаянна, і людзі, якія толькі пачынаюць “новае жыццё”. Плюс шмат стартаў, адпаведна —падрыхтоўка інтэнсіўней. Чаму б не сумясціць якую-небудзь прабежку з карыснай справай? Тым больш, атрымаць крафтавы драўляны медальчык? Дарэчы, многія пісалі, што медаль ім не патрэбны, але мы стараліся даслаць яго ўсім, каб засталася якая-небудзь памяць.

Паводле папярэдніх звестак у гэтым годзе акцыя прынесла прыкладна такую ж суму, як і ў мінулым годзе. Колькасць удзельнікаў падлічыць немагчыма — многія дасылаюць справаздачы да гэтага часу, хоць акцыя даўно прайшла.

Ці будзе працяг? Пакуль невядома. Магчыма, такія ідэі трэба ўвасабляць часцей, а можа —прыдумаць нешта новае. Дапамога ніколі не бывае празмернай. Тым больш, што тая ж група аматараў два разы на год ладзіць бегавое мерапрыемства для дзяцей вёскі Яцкавічы і ўжо другі год запар арганізуе прабег 1 студзеня на Набярэжнай. Так што далучайцеся і жывіце актыўна!