Ёсць праекты, якія нараджаюцца з вялікіх ідэй. А ёсць тыя, што вырастаюць з простага чалавечага жадання дапамагчы тут і зараз. Праект “DobroFamily” менавіта такі. Ён не пачынаўся з бізнес-планаў, прэзентацый ці гучных слоў. Ён пачынаўся з думкі: “А што, калі мы проста спытаем, што ім патрэбна?”

Як усё пачалося?
Некалькі гадоў таму сабралася разам невялікая група дзяўчат, якіх не адпускала агульная тэма: як зрабіць гэты свет крыху цяплейшым. Неяк сама сабой прыйшла думка дапамагчы дзіцячым дамам і дамам састарэлых. Людзям там штодня патрэбна тое, што мы можам проста набыць у бліжэйшай краме: падгузнікі, мыла, ручнікі, гульні, фарбы, цёплыя шкарпэткі. Дробязі? Для кагосьці так. А для кагосьці — штодзённая неабходнасць. Вырашылі не збіраць грошы ўсляпую і не купляць тое, што здаецца патрэбным, а перш пытацца. Проста тэлефанаваць і ўдакладняць: што зараз скончылася? што трэба ў першую чаргу? колькі? якога памеру?
Так нарадзіўся добрачынны праект “DobroFamily”.

Як гэта працуе?
Механізм просты, але ў ім — увесь сэнс.
Дзяўчыны з каманды размаўляюць з выхавацелямі, мэдыцынскімі сёстрамі, загадчыкамі. Пытаюцца: «Што вам зараз сапраўды патрэбна?» І складаюць спіс. Сапраўдны, жывы, канкрэтны. Не «нешта для дзяцей», а «5 упаковак падгузнікаў памеру M, 10 настольных лямпаў, 3 наборы фарбаў для малявання». Потым гэты спіс публікуецца на сайце і ў інстаграме. І людзі — звычайныя людзі, якія хочуць дапамагчы, — выбіраюць, што купіць. Хтосьці бярэ адну пазіцыю, хтосьці некалькі, хтосьці аб’ядноўваецца з сябрамі. Так спіс паступова закрываецца, пункт за пунктам, патрэба за патрэбай. Пры гэтым валанцёры не распыляюць сілы на некалькі праектаў, а ў канкрэтны момант працуюць з адзінай установай. Як толькі збор скончваецца, актывісты садязцца ў аўто і дастаўляюць сабраныя рэчы па адрасе. Пры гэтым падчас перадачы рэчаў яны арганізуюць невялічкае прадстаўленне для дзяцей ці пажылых людзей у залежнасці ад адраса.
Гэта не аднаразовая акцыя. Гэта рэгулярны працэс, бо патрэбы не заканчваюцца.
Чаму гэта важна?
Дабро павінна быць адрасным. Калі ты ведаеш, што твая ўпакоўка падгузнікаў паедзе канкрэтнаму дзіцяці ў канкрэтны дом, гэта не агульнае пачуццё: “Я нешта ахвяраваў”. Гэта задавальненне: “Я ведаю, каму гэта патрэбна, і я гэта зрабіў”.
“DobroFamily” — суполка людзей, для якіх галоўнае не быць добрым, а быць карысным. Розніца вялікая.

Толькі новыя рэчы?
Адно правіла не мянялася за гады дабрачынных збораў: такія ўстановы прымаюць толькі новыя рэчы. Выключэнне можа быть для бытавой тэхнікі пры ўмове, што яна ў добрым стане. Між іншым, дапамагчы можна нават не выходзячы з дому – проста зрабіць заказ праз “Ozon”, абраць зручны для валанцёра пункт выдачы і перадаць дадзеныя, каб той змог яго забраць. Проста, хутка, зразумела.
— Мы не бяром грошай. Мы не маем рахунку, — расказвае адна з прадстаўніц ініцыятывы. – Таму важна зрабіць шлях да дапамогі простым і дасціпным.

Што стаіць за лічбамі?
За кожным закрытым пунктам спісу — чалавек. Дзіця, якое атрымае новыя фарбы і зможа намаляваць сваю мару. Бабуля ў доме састарэлых, якой прывязуць мяккі плед, каб яна зноў адчула сябе ўтульна. Хлопчык, якому дастанецца футболка яго памеру, не нешта “з чужога пляча”, а яго ўласная, новая, прыгожая. Гэта не ратуе свет, але робіць свет чалавечным для кагосьці канкрэтнага — пакрысе, штодня.


Каманда
Усё трымаецца на дзяўчатах, якія не шкадуюць свайго часу. Актыўных няшмат – каля дзесяці, і паміж імі размеркаваны ролі. Адна адказвае за сувязь з установамі, якім патрэбная дапамога, другая – за сувязі з грамадскасцю, яшчэ адна – за працу сайта і сацыяльных сетак. Дзяўчаты лічаць, што дапамога павінна быць карыснай, але самі не імкнуцца заставацца ў цэнтры ўвагі. Яны тэлефануюць, удакладняюць, запісваюць, адказваюць на пытанні, сустракаюцца з людзьмі, перадаюць рэчы. Яны робяць гэта, бо вераць: калі кожны зробіць хаця б трохі, разам атрымаецца шмат. І гэтая вера перадаецца іншым. Да праекта далучаюцца новыя людзі. Хтосьці дапамагае адзін раз, хтосьці рэгулярна. Хтосьці проста расказвае пра “DobroFamily” сябрам — і гэта таксама дапамога.

Што далей?
За тры гады дзейнасці ініцыятывы звыш 500 дзяцей атрымалі новую вопратку, ігрушкі і школьныя прылады, каля 300 людзей сталага ўзросту атрымалі рэчы першай неабходнасці.
— Больш дзіцячых дамоў і дамоў састарэлых атрымліваюць тое, што ім сапраўды патрэбна, больш людзей даведваюцца, што дапамагаць — гэта не складана.
Гэтым часам “DobroFamily” ладзіць збор для Гарадзішчанскага дзіцячага сацыяльнага пансіяната.
Збор да канца верасня.

