Тапёр – самая хутка зніклая і забытая прафесія. На пачатку ХХ стагоддзя музыкі дапаўнялі нямое кіно падчас сеансаў акампанементам на піяніна, а ўжо ў 1930-я гады з’явіўся гукавы кінематограф. Некалькі гадоў таму група энтузіястаў з Менску падхапіла гэтую ідэю агучвання фільмаў і пачала ладзіць кінаканцэрты, на якіх дэманстравалася нямое кіно, а музыкі выконвалі нажывую свае творы, напісаныя спецыяльна для паказу. У сталіцы кінаканцэрты праводзяцца ў атмасферы музея Азгура, а з цягам часу праект прыйшоў і ў рэгіёны. І сёння адзін з уікэндаў жніўня насычаны подыхам восені, музыкай і чорна-белым экранам.


Гэта толькі на першы погляд падаецца: ну каму сёння цікавае нямое кіно? Чорна-белая плёнка, іншая манера гульні, наіўныя сюжэты. Але ўсё мяняецца, калі пачынае гучаць жывая музыка.
«Кінэмо» — адзіны ў Беларусі штогадовы культурна-адукацыйны праект у сферы нямога кіно і сучаснай музыкі. Яго асноўная задача — папулярызацыя і пераасэнсаванне класікі нямога кінематографа праз сродкі сучаснай музыкі. Гучыць мудрагеліста, але на справе ўсё геніяльна проста: бяруць шэдэўр сусветнага кіно, запрашаюць музыкаў, тыя некалькі месяцаў ствараюць арыгінальны акампанемент, а потым выконваюць яго ўжывую падчас дэманстрацыі фільма.


Пляцоўка — дворык Брэсцкай абласной філармоніі. Экран, жорсткія крэслы пад адкрытым небам, позні вечар. У гэтай атмасферы ствараецца цуд. Музыка — не «тры акорды», яна павінна быць годнай вялікіх акцёраў і карцін, якія ўвайшлі ў энцыклапедыі кіно. І, што важна, гэта заўсёды прэм’ера — твор для канкрэтнага паказу, тут і зараз.
Рэпертуар — суцэльная класіка. «Параход “Генерал”» Бастэра Кітана, «Страсці Жанны д’Арк» Карла Тэадора Дрэйера, «Варьетэ» Эвальда Андрэ Дзюпона. Музычны складрозны: дзесьці толькі фартэпіяна, дзесьці дадаюцца віяланчэль, скрыпка, кларнет. Некаторыя фільмы ўнікальныя. Напрыклад, лента «Страсці Жанны д’Арк», як азначыў адзін з арганізатараў мерапрыемства перад паказам, лічілася страчаным фільмам да тых пор, пакуль выпадкова ў Даніі не знайшлі адну з копій. Яе і дэманстравалі ў Берасці, з дацкімі субтытрамі. Для выканаўцы галоўнай ролі гэтая праца стала псіхагалічна вельмі складанай, пасля фільму яна больш не здымалася ў кіно.



Асобная гісторыя — як музыкі рыхтуюцца. Яны не проста падбіраюць рытм да рухаў на экране, яны жывуць з фільмам некалькі месяцаў, вывучаюць эпоху, характары, кожны позірк героя. І потым выходзяць на пляцоўку, дзе няма ні мантажу, ні дубляў, толькі ты, інструмент і сто гадоў гісторыі перад вачыма.
Усе вечары прайшлі ў Берасці пры поўнай “зале”. Неперадаваемае пачуццё, калі сядзіш пад адкрытым небам, глядзіш фільм стагадовай даўніны, а побач жывыя музыкі ствараюць гук у гэты момант, для цябе. Мінулае і сучаснасць сустракаюцца і размаўляюць адной мовай.

«Кінэмо» — гэта не проста паказ. Гэта запрашэнне ў іншы свет. Свет, дзе няма слоў, але ёсць музыка. Дзе няма колеру, але ёсць эмоцыі. Дзе сто гадоў таму нехта зняў фільм, а сёння ты сядзіш і разумееш яго без перакладу. І калі пасля заканчэння паказу гледачы не спяшаюцца разыходзіцца, а стаяць і маўчаць — значыць, усё нездарма.
«Кінэмо» яшчэ і пляцоўка для маладых кампазітараў. Тут яны могуць паспрабаваць сябе ў жанры, які патрабуе і глыбокага разумення кіно, і смеласці, і здольнасці працаваць з буйнымі музычнымі формамі. Не кожны рызыкне ўзяцца за Бастэра Кітана або Дрэйера. Але тыя, хто бярэцца, набываюць унікальны досвед і ўдзячнасць гледачоў, якія бачаць умузыках не проста акампаніятараў, а сааўтараў.
А для гледачоў гэта шанец адкрыць для сябе кіно, якое здавалася назаўсёды страчаным. Паглядзець на яго як на жывое мастацтва. І паверыць, што нават без слоў можна сказаць вельмі шмат, калі побач ёсць музыка.


