Жыццё бывае непрадказальным і любіць падносіць сюрпрызы. Часам не вельміпрыемныя. У гераінь нашай гісторыі ўсё было адносна нядрэнна, пакуль лёс не падкінуў сур’ёзнае выпрабаванне – анкалогію. Выбрацца з такой перадругі, не ўпасці духам і зарадзіць энергіяй іншых – той яшчэ квэст. Але, здаецца, нашым дзяўчатам гэта ўдаецца. Праект «Я люблю жыццё» існуе ў нашым горадзе з 2018 года. Ён створаны жанчынамі з анкалагічнымі захворваннямі для такіх жа жанчын. Пра вытокі ініцыятывы расказвае Наталля Юхта, з якой усё і пачалося.

– Гэта быў 2018 год. Мне паставілі дыягназ “рак малочнай залозы”. Аперацыя, хіміятэрапія, гарманальная тэрапія і абсалютнае неразуменне: а што далей? Думаю, з гэтым сутыкаюцца многія жанчыны, якім ставяць смяротны дыягназ. Жывеш сваё шчаслівае, месцамі нервовае, але цалкам прадказальнае жыццё, і раптам усё пераварочваецца з ног на галаву, і ты не разумееш, як узаемадзейнічаць з гэтым светам далей. Мне падалося, што падтрымка людзей, якія прайшлі гэты ж шлях, была б вельмі карысная тым, хто толькі пачынае жыць у новай рэальнасці. Важна пачуць розныя гісторыі, якія не заўсёды сумныя, а часта заканчваюцца ўстойлівай рэмісіяй. Але ў Берасція нічога падобнага не знайшла. Затое ў інтэрнэце знайшлася інфармацыя пра расейскі праект «Я люблю жыццё». Так завязаліся першыя сацыяльныя сувязі. Я пазнаёмілася з Аксанай Андрэевай з Масквы і Ірынай Жыхар з Мінска, якія стваралі падобную супольнасць у сваіх гарадах.


Першым «выхадам у свет» стаў фотамарафон «Мы можам. Я магу», у якім удзельнічалі дзевяць чалавек. Модны дом «Папіліё» пазычыў адзенне для здымкі, жанчынам зрабілі прафесійны макіяж, кожная ўдзельніца падзялілася сваёй гісторыяй, і восенню 2019 года ў Брэсцкім анкалагічным дыспансеры прайшла першая фотавыстава. Пазней яе паўтарылі ў кінатэатры «Беларусь» і на Вяслярным канале. Гэты праект стаў свайго роду напамінам: жыццё працягваецца. Яно будзе іншым, але можа быць насычаным.


Пра ініцыятыву даведвалася ўсё больш людзей, а ідэя знайшла водгук у сэрцах, неўзабаве агульная колькасць удзельніц клуба дасягнула 150 чалавек. Хтосьці адразу пачаў праяўляць актыўнасць, хтосьці прыглядаўся. Але відавочна кожны атрымліваў тую падтрымку, якая была патрэбна. Лідары супольнасці выступалі на радыё, арганізоўваліканцэрты. Ішла актыўная праца з псіхолагамі, ладзіліся гутаркі для псіхаэмацыянальнай падтрымкі. Актыўнасць у групе непастаянная, бываюць перыяды зацішша, а бывае бурная дзейнасць.
– Звычайна такія стрэсы пераварочваюць усё тваё жыццё. Я сама навучылася на інструктара ёгі. Таму што на ўласным досведзе зразумела: толькі рух дапамагае мне выходзіць з цяжкіх станаў. Дапамагла сабе – пачала дапамагаць іншым. Прыходзілі новыя людзі, і я паступова дэлегавала абавязкі іншым удзельніцам. Выдатна, што нас падтрымлівае вельмі вялікая колькасць людзей і арганізацый. Дзяўчаты пастаянна ходзяць на розныя майстар-класы, у Доме ёгі мы праводзім бясплатныя заняткі.

Пасля аперацыі і доўгага лячэння пацыенткі ў рэмісіі часта сутыкаюцца з праблемамі, якія раней было цяжка ўявіць. Гарманальная тэрапія, парушаны адток лімфы, змены ў целе, якія палохаюць... У гэты перыяд важна не апускаць рук і працягваць жыць. Супольнасць людзей, якія перажылі падобны досвед, якраз дапамагае лягчэй справіцца з новымі абставінамі – жанчыны разумеюць, што яны не адны. Ну а рух, вядома, надае жыццю новыя фарбы.


З часам у супольнасці ўтварыўся круг лідараў, якія адказваюць за адаптацыю новых людзей, арганізоўваюць сумесныя пасядзелкі і мерапрыемствы. У клуба з’явіліся свае партнёры. Музыкант Ігар Пашэчка дапамагае па музычным суправаджэннем – сумесна з ім быў арганізаваны канцэрт для жанчын з анкалагічнымі захворваннямі. А стваральніца касметыкі Вольга Асмалоўская рэгулярна праводзіць майстар-класы для ўдзельніц клуба. За некалькі гадоў жанчыны асвоілі практычна ўсе сярэднявечныя тэхнікі – ад штампоўкі па тканіне да чаканкі.



– Нас ужо так шмат, што, на жаль, я не заўсёды магу ўспомніць кожную. На шчасце, гэтыя жанчыны знайшлі нас і, магчыма, змогуць лягчэй справіцца са сваім станам. Гэта паводле медыцынскага пратакола ў нас аперацыя, хімія, прамянёвая тэрапія… З фізічнымі і псіхалагічнымі наступствамі хваробы мы вучымся спраўляцца доўгія гады, нават дасягнуўшы ўстойлівай рэмісіі. Але мы адкрытая супольнасць і прымаем да сябе ўсіх без абмежаванняў.
Хвароба часам перапісвае наш жыццёвы сцэнар. У такія моманты важна знайсці сваіхлюдзей, якія дапамогуць прывесці твой хісткі свет у раўнавагу.






