Гэтае лета падарыла Берасцю падзею, якая не перастае здзіўляць нават самых скептычных. Гаворка пра канцэрты «Euphoria Night» у старажытным касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Здавалася б, што тут асаблівага: ну спяваюць, ну ў храме, – але варта толькі зірнуць на чэргі, якія выстройваюцца да касцёла за некалькі гадзін да пачатку, і ўсё становіцца зразумела: гэта нешта большае, чым проста канцэрт.

Самае ўражлівае – хуткасць, з якой знікаюць квіткі. Літаральна праз некалькі хвілін пасля публікацыі спасылкі з’яўляецца запаветнае «Sold out». Кошт: спачатку 55–65 рублёў, потым 75–80. Але гэта нікога не спыняе. Білеты расхопліваюць з той жа хуткасцю, з якой гарачая выпечка знікае з прылаўкаў у святочны дзень. А потым да касцёла выстройваюцца вялізныя чэргі на канцэрт. Людзі стаяць, чакаюць, абмяркоўваюць. І гэта не дробная падзея для абраных, слухачы прыязджаюць нават з іншых гарадоў.

Што ж там адбываецца ўнутры?
«Euphoria Night» – гэта спроба гурта разам са струнным квартэтам злучыць музыку з веліччу гістарычнай архітэктуры. Высокія скляпенні ствараюць акустыку, якая надае кожнай ноце аб’ём і глыбіню, музыка нібыта разгортваецца ў прасторы, запаўняе ўсё навокал. Светлавыя эфекты дадаюць відовішчнасці, але не ператвараюць усё ў звычайнае шоу. Ідэя – «замарудзіцца, пабыць сам-насам са сваімі думкамі і растварыцца ў эстэтыцы моманту». Гучыць патасна, але, мяркуючы па рэакцыі гледачоў, працуе. І калі вы пабываеце на канцэрце (а яны яшчэ плануюцца), то зразумееце, чаму: гэта тая дасканалая формула, ў якой спалучаюцца простае, знаёмае кожнаму, і майстэрства музыкі і святла. Тут проста няма паўтонаў, усё зроблена з вялікім майстэрствам і любоўю да сваёй працы.

Галоўны саліст праекта – Ягор Шаранкоў, лаўрэат «Славянскага базару». Ён сам каталік і падчас канцэртаў робіць кароткія выслоўі пра веру, любоў і Бога.



Феномен «Эйфарыі» не ў тым, што яна збірае поўныя залы. Феномен у тым, што яна збірае іх у месцы, якое для гэтага не прызначана. І гэта выклікае спрэчкі, якія не сціхаюць ужо некалькі месяцаў.
Пачалі з’яўляцца меркаванні, што такім канцэртам не месца ў храме. Але ёсць і іншы бок. Частка вернікаў бачыць у канцэртах «евангелізацыю сучасных язычнікаў». Маўляў, лепш людзі прыйдуць у касцёл пад музыку, чым у клубы і бары ўвечары. Арганізатары падкрэсліваюць: сярод музыкаў ёсць каталік, на кожным канцэрце гучаць словы пра Бога і Ягоную любоў, а некаторыя святары падтрымліваюць праект.
Дык у чым жа феномен? Магчыма, у тым, што «Эйфарыя» знайшла кропку, дзе сустракаюцца мастацтва і духоўнасць. А можа, у незвычайнай узвышанай атмасферы, якая немагчыма у звычайнай канцэртнай залі. Прастора, жывы гук, светлавыя эфекты разам ствараюць нешта такое ў сэрцах, што гледачы выходзяць узрушанымі.

Калі музыкі змаглі дакрануцца да глыбіні душы, значыць, усё зроблена правільна. І, верагодна, роўна праз год на тым самым месцы берасцейцы збяруцца зноў, каб пачуць жывую музыку пад высокімі скляпеннямі і ўспомніць пра самае важнае. Пытанне толькі ў тым, канцэрт гэта будзе ці нешта большае.


