Будзь актыўным

#Грэчкаўмаркетынгу: шлях да мэты

Часта можна пачуць, што ў кожнага чалавека ў жыцці павінна быць свая мэта. Як ісці да яе, выдатна ведае Маша Грэчка, стваральніца маркетынг-сняданкаў, SMM і UGC-спецыялістка, выкладчыца БрДУ імя Пушкіна.

Першымі дасягненнямі Марыя адзначылася яшчэ ў школе:

«У школе я пачала пісаць вершы. Іх заўважыў настаўнік і параіў пайсці ў гурток юнкораў, а потым мяне ад школы адправілі на журналісцкую змену ў Зубронак. Так я стала юнай карэспандэнткай, вельмі шмат публікавалася ў газеце. Да паступлення на журфак БДУ ў мяне ўжо набралося вялікае партфоліа лаўрэата профільных конкурсаў. Вучыцца на класічным кірунку я не хацела, бо думала, што ўжо ўсё ведаю 😂, таму выбрала спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя».

Гэта быў мой неверагодна свядомы і правільны выбар. Навучанне ва ўніверсітэце я любіла на 100 з 10 і лічу, што гэта мой трывалы і суперглыбокі прафесійны падмурак. Я вучылася на адной з самых цікавых спецыяльнасцяў у вельмі моцных педагогаў у лепшай ВНУ краіны.

Вучоба ва ўніверсітэце на 100% вызначыла мой прафесійны шлях».

Любоў да Берасця таксама праявілася са школьнага ўзросту:

«У Берасці я апынулася яшчэ школьніцай. Паколькі я шмат публікавалася, то раённай газеты мне не хапала і некаторыя публікацыі дубліраваліся, а некаторыя ўнікальныя тэксты выходзілі ў абласных выданнях».

У 2009 годзе Марыя ўвайшла ў топ-5 юных карэспандэнтаў Брэсцкай вобласці, таму вырашыла паступаць у абласны ліцэй імя Машэрава.

Праз сем гадоў, пасля вучобы і адпрацоўкі паводле размеркавання, Марыя вярнулася ў Берасце. Так атрымалася, што за гэты час Марыя сустрэла мужа-берасцейца.

«З пятнаццаці гадоў я працую ў сферы камунікацый: ад журналістыкі да стратэгічнага маркетынгу. Агулам — ужо больш за васемнаццаць гадоў».

Пра ўзнікненне свайго блога Марыя расказвае так:

«Усё банальна. Сядзеў сумаваў крэатыўны чалавек. Мяне засмучала, што ў Берасці не было тэматычных сустрэч для экспертаў у сферы маркетынгавых камунікацый, таму вырашыла сама аб’яднаць вакол сябе супольнасць прафесіяналаў. Выдатна, што зараз так шмат розных сустрэч, ёсць выбар, куды пайсці на выходных!

У Менску чатыры гады я была каардынатарам прафесійнай супольнасці — PR-клуба у Беларусі, і мне вельмі бракавала такіх двіжух у Берасці.

Хэштэг з’явіўся сам сабой, дзякуючы майму новаму гучнаму прозвішчу і таму, што я хацела праводзіць сустрэчы ў фармаце сняданкаў: гэта быў адзіны вольны час, пакуль дзіця было на занятках».

Першая сустрэча #завтраксгречкой адбылася ў красавіку 2021 года і супала са стартам навучання ў “The Chartered Institute of Marketing” (CIM).

Блог і сустрэчы Марыя пачала развіваць практычна адначасова.

Паколькі Марыя толькі выйшла з другога дэкрэта і шмат часу праводзіць з дзецьмі, яна супрацоўнічае ў фармаце online-кансультацый са многімі брэндамі, некалькі кампаній супрацоўнічаюць з ёй на аўтсорсе — як з SMM- і UGC-спецыялісткай. А таксама Марыя – старшая выкладчыца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце ім. А.С. Пушкіна, выкладае тэорыю рэкламы, тэорыю і практыку сувязей з грамадскасцю.

Хто натхняе Марыю? Яна адказвае так:

«Мяне натхняе Маша Віктаравіч, вучаніца школы № 3 горада Бярозы, якая не баялася праяўляць сябе, пісала вершы, рабіла рэпартажы ў раённую газету пра ўсё на свеце і ўпэўнена ішла да сваёй мары. Не магу падвесці яе, таму стараюся не губляць тэмп і развівацца далей». 

Пра будучыню:

«У мяне няма глабальных планаў, галоўнае – заставацца добрым чалавекам, цікавым, жыццярадасным, быць сацыяльна актыўнай і ўважлівай мамай і паспяваць сумяшчаць гэта ўсё са сваёй працай».

Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Марыі і на яе тэлеграм-канал.