Культура

Сустрэча з мастацтвам: творчы вечар Генадзя Вяля

Напаўняць жыццё прыгажосцю і сэнсам – галоўная задача мастацтва, а знаёміцца з мастакамі лепш за ўсё на творчых сустрэчах. Нядаўна ў берасцейцаў была магчымасць сустрэцца з мастаком Генадзем Вялем у аўкцыённым доме КОГАРТ. 

Гэты творчы вечар быў прысвечаны друкаванай графіцы. Галоўнай падзеяй вечара стала прэзентацыя новай, толькі што завершанай працы Генадзя Вяля «Валошка» ў тэхніцы меца-тынта разам з падрыхтоўчым малюнкам да яе. Прастора змясціла і іншыя эстампы майстра, якія былі прадэманстраваныя ўдзельнікам сустрэчы, можна было дэталёва разгледзець і нават набыць любую работу.

Адбыўся своеасаблівы дыялог аўтара з гледачамі: спачатку мастак расказаў пра мастацкую тэхніку і працэс стварэння работ, а потым можна было задаць любыя пытанні.

«Гэтым вечарам мы адкрылі свой новы напрамак: вочныя сустрэчы з мастакамі, калекцыянерамі, літаратарамі, і афлайн-аўкцыёны. Мы разглядаем розныя ідэі і не плануем факусіравацца на нейкай адной вызначанай тэме,  мы жадаем ахапіць і паспрабаваць усё, што цікава людзям, якія чытаюць, якія развіваюцца, маюць добры густ, шукаюць літаратурных і мастацкіх зносін па-за сацыяльнымі сеткамі», – расказвае Надзея, прадстаўніца аўкцыённага дома КОГАРТ, дзе праходзіла сустрэча.

Першы запланаваны цыкл – «Друкаваная графіка» (верасень–снежань 2026): тры творчыя вечары восенню і практычная майстэрня ў снежні, дзе кожны зможа стварыць уласную гравюру.

«Ідэя правядзення афлайн-сустрэч зарадзілася ў нас разам са з’яўленнем уласнай прасторы. Першапачаткова пляцоўка стваралася для захоўвання і паказу лотаў, колькасць якіх увесь час расце. Але нам хацелася большага: стварыць месца для жывых зносін, прастору, дзе людзі могуць разглядаць творы мастацтва, абмяркоўваць іх гісторыю, сучасныя тэндэнцыі, кніжныя навінкі ці рэдкія антыкварныя экземпляры. Ідэя стварэння адкрытага, эстэтычнага  месца стала філасофіяй нашай першай сустрэчы і ўсяго новага кірунку».

Генадзь Вяль – адзін з галоўных мастакоў беларускай друкаванай графікі. Ён нарадзіўся ў 1958 годзе, вучыўся ў Віцебску. Трыццаць гадоў выкладаў у школах Брэста, выхоўваў мастакоў, развіваў культуру графікі.

«Генадзь Ігаравіч працуе ў тэхніках афорту, акватынты і малюнка, яго творы адметныя багаццем танальных адносін і высокай культурай графічнага ліста. Адмысловае месца ў творчасці мастака займае экслібрыс, дзякуючы якому мастак атрымаў міжнароднае прызнанне і шматлікія ўзнагароды на біенале і конкурсах графікі ў Польшчы, Бельгіі, Італіі, Нямеччыне, Турцыі, Кітаі і іншых краінах. Яго працы вядомыя па ўсім свеце: больш за 90 узнагарод на міжнародных конкурсах у Еўропе, Азіі, Амерыцы. А спіс мерапрыемстваў, у якіх ён прымае ўдзел, увесь час папаўняецца: зусім нядаўна мы абнавілі старонку мастака  новым пунктам –  ўдзел у Першай міжнароднай міні-прынт-біенале-2026 (Бангкок, Тайланд)».

Генадзь Вяль працуе ў Берасці, стварае побач з намі, і адлюстроўвае, сярод іншага, беларускую гісторыю і культуру.

«Сустрэча з такім мастаком важная ва ўсіх сэнсах: гэта магчымасць пазнаёміцца з унікальным чалавекам, атрымаць задавальненне ад работ найвышэйшага ўзроўню і дакладна даведацца непасрэдна ад прафесіянала, як ствараюцца такія работы, а яшчэ гэта магчымасць выказаць павагу мастаку, які праслаўляе беларускае мастацтва».

Меца-тынта, або так званая «чорная манера», – гэта тэхніка стварэння гравюры на метале. Мастак пачынае з цалкам чорнай меднай дошкі і асвятляе яе, ствараючы выяву. У выніку атрымліваецца ўнікальная глыбіня і мяккасць. Чорны колер у мецца-тынта амаль матэрыяльны, аксамітавы. Светлыя месцы выступаюць з чорнага з пяшчотай, якую немагчыма дасягнуць іншым спосабам.

«Паколькі памылку немагчыма выправіць, тэхніка патрабуе велізарнага майстэрства, досведу, цярпення, тэхнічнай дасканаласці. Сёння мала мастакоў, хто працуе ў гэтай тэхніцы, яна лічыцца адной з самых складаных у друкаванай графіцы. Таму новая работа Генадзя Вяля “Валошка”– гэта рэдкасць і значная падзея».

Сама сустрэча прайшла ў вельмі душэўнай і адначасова экспертнай атмасферы. Сярод гасцей былі як вядомыя берасцейскія мастакі, так і пастаянныя наведвальнікі гарадскіх выстаў і знаўцы.

«Сустрэча паказала, што ў Берасці ёсць сфармаваная і захопленая супольнасць, якая працягвае расці». 

Завяршыўся вечар фуршэтам і вольным дыялогам. Кожны мог задаць мастаку асабістае пытанне, разгледзець дэталі адбіткаў і паразмаўляць з аднадумцамі. Нястрогі, утульны, але пры гэтым глыбокі і пазнавальны фармат сустрэчы спадабаўся гасцям.

«Далей – працяг цыкла вечарын з майстрамі друкаванай графікі, ужо зусім хутка выйдзе анонс наступнай сустрэчы. Завершыцца восеньска-зімовы сезон практычнай майстэрняй у снежні, дзе ўдзельнікі пад кіраўніцтвам прафесіяналаў змогуць паспрабаваць сябе ў ролі графікаў і стварыць уласны друкаваны адбітак. Паралельна мы рыхтуем анонсы сустрэч і па іншых напрамках: выяўленчае мастацтва, афлайн-аўкцыёны, абмеркаванне кніг».

Падпісвайцеся на Інстаграм-старонку Генадзя Вяля і на старонку аўкцыённага дома КОГАРТ.