Такога афармлення сцэна Палаца культуры прафсаюзаў у Берасці не бачыла ўжо даўно: прыглушанае святло, таямнічае, змрочнае памяшканне, дзесяткі свечак, чорны раяль, віяланчэль і скрыпка…
З першых хвілін гэтая атмасфера настройвала на асаблівы лад, запрашала спыніцца ў звыклай мітусні і паслухаць сябе. Менавіта ў такім антуражы прайшоў класічны канцэрт «Свечкі, музыка і ты», які стаў сапраўдным падарожжам у свет пачуццяў, успамінаў і душэўных перажыванняў.

На сцэну выйшлі таленавітыя музыкі: Таццяна Піотух (раяль), Аляксей Казакевіч (скрыпка) і Любоў Холіна (віяланчэль). Іх майстэрства, тонкае адчуванне музыкі і ўменне перадаваць эмоцыі праз гучанне інструментаў стварылі непаўторную атмасферу камернасці і шчырасці. Здавалася, што кожная нота знаходзіла свой шлях да сэрца слухача, кранаючы самыя патаемныя струны душы. Гэта быў Classic Concert, у якім класічныя інструменты раскрывалі знаёмыя мелодыі па-новаму, захоўваючы іх аўтэнтычнасць і надаючы ім асаблівую глыбіню.


У праграме прагучалі сусветныя хіты сучаснасці, звязаныя з імёнамі Роберта Майлза, Ланы Дэль Рэй, Лары Фабіян, Адэль і іншых вядомых выканаўцаў. Звыклыя кампазіцыі набылі класічныя інтанацыі. Без электронных эфектаў і эстраднай падачы яны загучалі асабліва тонка, пранікнёна і нечакана. Скрыпка быццам гаварыла мовай чалавечых пачуццяў, віяланчэль дадавала мелодыя мглыбіні і цеплыні, а раяль аб’ядноўваў усё ў адзінае музычнае апавяданне.
Кожная кампазіцыя адкрывала асобную старонку жыцця. У музыцы да фільма «Хаціка» адчуваліся боль расставання, вернасць і туга па тых, хто застаецца ў нашых сэрцах, нягледзячы на час і адлегласці. А мелодыі з рэпертуару Андрэа Бачэлі напаўнялі залу светлым сумам, надзеяй і верай у прыгажосць свету. Іншыя творы вярталі слухачоў да ўласных гісторый: першых сустрэч, важных рашэнняў, шчаслівых імгненняў і момантаў, калі так не хапала простых, але шчырых слоў.

Артысты нібы запрашалі слухачоў стаць ўдзельнікамі падзей, пра якіярасказвала музыка. Тут не трэба было тлумачэнняў — кожны мог знайсці ў мелодыях нешта сваё, блізкае і зразумелае толькі яму. У зале адчувалася супольнасць людзей, аб’яднаных агульнымі эмоцыямі. Мяккі свет свечак на сцэне рабіў музычныя нумары яшчэ больш інтымнымі і шчырымі.

— Ваш выбар правесці гэты вечар разам з намі — гэта крок да адкрыццячагосьці патаемнага ў саміх сабе, — упэўненыя артысты. — Гэты канцэрт — асобны свет, дзе музыка ператвараецца ў шэпт струн, а камерная цішыня — упульс уласных перажыванняў. Гэта не проста выступленне, а падарожжа ў сябе, да вытокаў эмоцый, дзе мелодыі становяцца люстэркам душы.

Вечар «Свечкі, музыка і ты» нагадаў: музыка суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця. Яна дапамагае перажываць страты, захоўваць дарагія ўспаміны, радавацца сустрэчам і знаходзіць надзею нават у самыя няпростыя часы.

Часам адна мелодыя здольная сказаць больш, чым тысячы слоў. І калі ў апошні раз загучалі інструменты, хацелася не спяшацца вяртацца ў звыклы свет, а яшчэ крыху пабыць у гэтай чароўнай атмасферы, дзе свечкі і камерная музыка дапамагалі пачуць самае важнае — уласнае сэрца.

