Сёлета Ірына Швейкус, майстарка–лялечніца і мастачка, адправілася ў вольнае плаванне. Яе невялікая студыя «Цвецік», якая некалькі гадоў размяшчалася ў памяшканнях Брэсцкага тэатра лялек, пачала самастойнае жыццё. Цяпер гэта асобная творчая прастора, дзе рэгулярна праводзяцца студыйныя заняткі і майстар-класы для дзяцей і дарослых.

Назва студыі звязана з тэатральным мінулым Ірыны: менавіта спектакль «Цветик-семицветик», мастачкай–пастаноўшчыцай якога яна была, падарыў назву творчай прасторы. Як у вядомай казцы чароўная кветка адкрывае перад чалавекам новыя магчымасці, так і студыя дапамагае раскрыць асабістыя здольнасці, паспрабаваць сябе ў розных відах мастацтва. З цягам часу «Цвецік» вырас з невялікай ініцыятывы ў самастойны праект, які аб’ядноўвае людзей, зацікаўленых творчасцю.

Ірына працуе з рознымі матэрыяламі, фактурамі і формамі. Асаблівае месца ў яе жыцці займае стварэнне лялек, а вопыт мастачкі-пастаноўшчыцы дапамагае бачыць мастацкі вобраз цэласна – ад задумкі да апошняй дэталі. Гэты падыходяна перадае і ўдзельнікам заняткаў, паказваючы, што для творчасці важныя не толькі навыкі, але і ўяўленне, назіральнасць, гатоўнасць эксперыментаваць.
У кастрычніку Ірына прапанавала берасцейцам пазнаёміцца з японскай тэхнікай рукадзелля кінусайга – незвычайным спосабам стварэння карцін з кавалачкаў тканіны.

– Гэта адносна новы кірунак, –тлумачыцьІрына. – Тэхніка з’явілася ў Японіі ў1987 годзе дзякуючы мастачцы Маэно Такашы, якая прапанавала даць другое жыццё дарагім шаўковым кімано. Са старых тканін стваралі новыя пано. З цягамчасу пачалі выкарыстоўваць розныя матэрыялы і фактуры. А паколькі я шыю цацкі, у мяне назбіралася шмат разнастайных лапікаў.

Галоўная асаблівасць кінусайгі ў тым, што для стварэння карціны не патрэбныя іголка і ніткі. Нездарма гэтую тэхніку называюць пэчворкам без іголкі або інкрустацыяй па пенапласце. Краі тканіны запраўляюць у спецыяльныя прарэзы на драўлянай або пенапластавай аснове. Асобныя лапікі складаюцца ў цэласную выяву, падобную да мазаікі. Сама Ірына бачыць у кінусайзе нешта ад вітража: фрагменты злучаюцца ў гарманічную кампазіцыю, а колер і фактура матэрыялаў ствараюць адчуванне глыбіні.

Майстар-класы па кінусайзе прайшлі ў два этапы: спачатку для дзяцей, а праз тыдзень – для дарослых. Тэхніка прываблівае сваёй даступнасцю: каб стварыць уласнае пано, зусім не абавязкова ўмець шыць або мець спецыяльную падрыхтоўку – дастаткова ўважлівасці, цярпення і жадання паспрабаваць нештановае.
Кінусайга добра развівае дробную маторыку, вучыць адчуваць колер і спалучаць розныя фактуры. А яшчэ творчы працэс мае амаль медытатыўны характар: паступова запаўняючы контуры малюнка лапікамі тканіны, чалавек засяроджваецца на працы, адпачывае ад штодзённых клопатаў і здымае напружанне.

Ірына прапаноўвала ўдзельнікам гатовыя шаблоны малюнкаў, але кожны мог прыдумаць уласную кампазіцыю. Нават працуючы ў адной тэхніцы, людзі атрымліваюць зусім розныя вынікі.
Для ўдзельнікаў майстар-класа гэта магчымасць пераканацца, што мастацтва не абавязкова патрабуе складаных інструментаў і прафесійных навыкаў. Часам дастаткова некалькіх лапікаў тканіны, цікавай ідэі і жадання стварыць уласную маленькую гісторыю – і вось нараджаецца яркае дэкаратыўнае пано, здольнае ўпрыгожыць інтэр’ер і доўга радаваць вока.

Творчая прастора «Цвецік» працягвае сваю працу ўжо ў новым фармаце, адкрываючы берасцейцам розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І, падобна чароўнай кветцы з казкі, яна дорыць магчымасць кожнаму знайсці новае захапленне, адчуць натхненне або проста пражыць цёплыя хвіліны, прысвечаныя сабе.


