Будзь актыўным

Навошта аркестру дырыжор: размовы пра класіку

Якую ролю адыгрывае дырыжор у гучанні аркестра? Што азначаюць яго рухі і як іх разумеюць музыканты?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні атрымалі ўдзельнікі музычнай сустрэчы “Размовы пра класіку з Кеўра Валянцінай” (classicssalon_brest), што прайшла ў прасторы Bona Space (bona_space) у Берасці. У творчай камфортнай атмасферы можна было даведацца пра асноўныя функцыі і задачы дырыжора, пра яго прынцыпы ўзаемадзеяння з аркестрам.

Наведаць “Размовы пра класіку” можа абсалютна кожны – і прафесійны музыкант, і той, хто проста цікавіцца мастацтвам і прагне новых ведаў.

Арганізатаркі Валянціна Кеўра і Вікторыя Дзербуш ужо другі год праводзяць музычныя лекцыі, і, мяркуючы па вялікай колькасці наведвальнікаў, з кожным разам папулярнасць вечарын павялічваецца. Валянціна – прафесійная піяністка, выкладае ўрокі ігры на фартэпіяна, Вікторыя – маркетолаг, але таксама мае асновы музычнай адукацыі.

Прошлай восенню яны аб’ядналіся ў творчы тандэм і стварылі цыкл сустрэч пра музыку і мастацтва. Валя рыхтуе лекцыі, падбірае тэмы і стварае кантэнт, Віка адказвае за арганізацыю.

– Калі я пачала праводзіць музыкальныя сустрэчы, з’явіліся пытанні наконт арганізацыі, інфармавання, у тым ліку праз пасты ў сацыяльных сетках, – дзеліцца Валя. – Я шукала, хто дапамог бы з гэтым, а Віка шукала сваю датычнасць да музыкі і прапанавала дапамогу. Так і атрымаўся праект у тым выглядзе, у якім мы яго бачым цяпер.

 

– Не ўсе ведаюць пра акадэмічную музыку, – распавядае Вікторыя. – Таму мы вырашылі, што нашыя лекцыі павінны быць не толькі адукацыйнымі, але і зразумелымі, і прываблівалі людзей розных поглядаў і інтарэсаў.

 

Па словах арганізатарак, яшчэ дзве музыкальныя сустрэчы плануюцца ў лістападзе: адна будзе прысвечана мастацтву авангарда, другая – ролі маркетынгу ў папулярызацыі расейскай музыкі ў Еўропе.

Анонсы і ўсю інфармацыю можна паглядзець у сацсетках і там жа запісацца на мерапрыемства. І Валянціна, і Вікторыя заўседы рады новым удзельнікам.