Культура

NRМ прэзентуе новыя песні і сыграе хіты “Мроі”

17-га снежня свой 15-ты Дзень народзінаў адзначыць легенда беларускага рока – гурт NRM. Каманда збіраецца сыграць вялікі сямейны калядна-акустычны канцэрт у КЗ “Мінск”.

Гітарыст гурта Піт Паўлаў лічыць NRM адзіным беларускім гуртом, які можа даць паўнавартасны акустычны канцэрт. Дарэчы, менавіта дзякуючы Піту, адзінаму рок-музыку, які не цураўся акустычнай гітары, гэтыя канцэрты сталі магчымымі:

Піт Паўлаў: “У нас заўсёды вельмі добра атрымліваецца акустыка. Я наогул лічу, што гэта наша галоўная фішка. Менавіта дзякуючы таму, што я заўсёды граў на акустычнай гітары, дзякуючы таму, што яна ў мяне, у адрозненні ад астатніх рок-музыкаў, з‘явілася такая “опцыя”: проста магчымасць грання акустычных канцэртаў. На мой погляд, NRM — адзіны гурт, які здолеў даць натуральны паўнавартасны акустычны канцэрт”.

Ніякіх асаблівасцяў, апроч звычайнага NRM, аматары беларускага року на свяце гурта не ўбачаць і не пачуюць. Адзінае, падкрэслівае Піт Паўлаў, музыкі вырашылі адмовіцца ад імпэту, з якім граюць звычайна электрычныя канцэрты, і змяніць яго больш лагодным падыходам:

Піт Паўлаў: “Ніякіх звышасабістых рэчаў, акрамя звычайнага NRM-у, які знаходзіцца ў вельмі добрай форме, вы не ўбачыце. У нас з’явілася такая думка: паспрабаваць больш не граць акустыку з такім самым імпэтам, як мы граем электрычныя канцэрты. А зрабіць больш сямейны канцэрт, больш ціхі і больш прыдатны менавіта для акустычных гітар”.

Піт абяцае, што на канцэрце 17-га снежня фэны NRM пачуюць некалькі песень Мроі, і не выключае магчымасці здзівіць прыхільнікаў нечым новым:

Піт Паўлаў: “Да канцэрта яшчэ месяц. Калі NRM будзе працаваць у сваім тэмпе, то можна за месяц напісаць новы альбом. Так што магчыма, вы пачуеце новы альбом”.

Маша Яр, Дзяніс Дзюба, Еўрарадыё

Пакінуць адказ