Берасцейскія праваабаронцы лічаць, што ўлады мусяць зрабіць “работу над памылкамі”. Памылкі назваў юрыст Раман Кісляк 18 жніўня на прэс-канферэнцыі.
Ні аднаго прысуду на карысць “маўчуноў” за ўсё лета не было. Суды праходзілі пад дыктоўку сведкаў-міліцыянтаў, не былі публічнымі, бо міліцыянты не пускалі туды ахвотных.
“Людзі ў цывільным” забіралі людзей на акцыях і да іх, фактычна скасаваўшы дух і літару Закона. Улады не дазвалялі акцыі, а міліцыянты, калі людзі з адчаю пратэставалі моўчкі, брутальна іх затрымлівалі.
Журналістам паказалі рашэнне абласнога суда, яі адхіліў касацыю жыхара Берасця Тараса Беражнога. Матывацыя: яго затрымалі на вуліцы правільна, бо ”суд звярнуўся ў гарвыканкам, і там паведамілі, што на гэты дзень ніхто ў горадзе не заяўляў ніякіх акцый”.
З такімі тлумачэннямі, кажа сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Ігар Маслоўскі, можна браць любога. Той, хто выйшаў на вуліцу, тым самым нібыта бярэ ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
– Мы пачынаем інфармацыйную кампанію. Гэта будуць бюлетэні, улёткі, інфармацыя на сайтах. Праваабаронцы падрыхтуюць заявы і звароты. Па выніках аднаго з этапаў гэтай кампаніі будзе праведзены круглы стол, – дадаў кіраўнік маладзёвага крыла Берасцейскай арганізацыі АГП Уладзімір Вуек.
Паводле: Еўрарадыё