Грамадства

Форум па пытаннях палітвязняў

Форум прысвечаны праваабарончай тэме і пытанням палітзняволеных у Беларусі пройдзе ў Берасці. Ініцыіруе мерапрыемства арганізацыйны камітэт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Акрамя тэарытычнай часткі форума, арганізатары запрапануюць падтрымаць канкрэтныя справы: каардынацыю сумесных дзеянняў і падпісанне зваротаў да ўладаў альбо праваахоўных органаў краіны.

Плануецца, што пасля завяршэння форуму ўдзельнікі наведаюць калонію “Воўчыя норы”, што пад Івацэвічамі, дзе адбываюць пакаранне Павел Вінаградаў, Эдуард Лобаў, Фёдар Мірзаянаў і Аляксандр Францкевіч, а таксама спецкамендатуру №7 у вёсцы Куплін, дзе адбывае сваё пакаранне Павел Севярынец.

Каардынатар аргкамітэта БХД на Берасцейшчыне Зміцер Шурхай паведаміў, што перш за ўсё гэта патрэбна для салідарнасці, каб людзі не забываліся:

Пытанні палітзняволеных, якія ў нас з’явіліся пасля падзей прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Будуць закранутыя юрыдычныя, міжнародныя аспекты, таксама правааабарончыя – як дапамагчы тым людзям, якія аказаліся за кратамі і зараз церпяць пакуты. Дапамагчы сем’ям зняволеных.

Форум пачнецца 3 верасня ў 9.30 у рэдакцыі «Берасцейскага Кур’ера». Плануецца, што мерапрыемства працягнецца да 13-й гадзіны, пасля чаго і пачнецца аб’езд месцаў зняволення дэмакратычных актывістаў.

Паводле: Радыё Рацыя

Фота: Хартыя 97

Пакінуць адказ