«Маска чырвонай смерці» – пад такой назваю выйшла першая паўнавартасная кніга беларускамоўных перакладаў твораў амерыканскага пісьменніка Эдгара Алана По.
Укладальнікам выдання стаў беларускі літаратар Андрэй Хадановіч, ініцыятыву якога падхапілі маладыя беларускія перакладчыкі. «Мы проста абвесцілі ў сацыяльных сетках у інтэрнэце, што гатуем кнігу перакладаў Эдгара По і да працы далучыўся цэлы шэраг маладых беларускіх перакладчыкаў», – кажа адна з рэдактарак кнігі, перакладчыца Ганна Янкута:
– Мы павесілі інфармацыю на ЖЖ, што рыхтуецца Эдгар По і «налятай, разбірай, хто што хоча перакладай». Праца ішла выключна па прынцыпе «О, а я гэта перакладу», «А я – гэта». Штосьці са старых перакладаў, нават, можна сказаць, усе пераклады, якія былі раней, усё гэта ў кніжку трапіла.
Як зазначаюць яе стваральнікі, кніга змяшчае пераклады выбраных навел, вершаў і эсэ Эдгара Алана По, што дае беларускаму чытачу магчымасць максімальна поўна азнаёміцца з творчасцю амерыканскага класіка XIX стагоддзя. «Нягледзячы на тое, што ў працы над перакладамі прымалі ўдзел шматлікія беларускія перакладчыкі, у выніку выданне атрымалася вельмі цэласным», – зазначыла перакладчыца і рэдактарка кнігі Кацярына Маціеўская:
– Праводзілася двух-, ці трохступенная рэдактура тэксту, менавіта каб стварыць нейкі цэласны стыль аднаго пісьменніка, тое, што для яго характэрнае. Усе тэксты прайшлі праз гэтую рэдактуру.
У далейшых планах стваральнікаў і выдаўцоў кнігі беларускіх перакладаў Эдгара Алана По прэзентацыя выдання ў Мінску, а таксама шэраг рэгіянальных прэзентацый кнігі.
Паводле Радыё Радыя