Спярша студэнты самастойна шукаюць замежныя адукацыйныя і культурніцкія праекты за мяжой, за што ім часцяком прамываюць мазгі, так зараз гэта тэндэнцыя перайшла і на школьнікаў…
“Я вас усіх запішу!” – так пагражаў Вожык у мульце “Смяшарыкі” тым, хто не будзе яго слухацца. Ніхто не разумеў, што адбудзецца пасля таго, як ён усіх запіша, але запісаным нікому быць не хацелася. Таму героі выконвалі ўсё, што Вожык ці яго намеснік Заяц загадвалі.
Прыкладна такія ж аргументы (“Вашых дзяцей у КДБ унясуць у спіс недабранадзейных”) давялося чуць і бацькам школьнікаў, што на апошніх восеньскіх канікулах вырашылі ехаць у Польшчу для ўдзелу ў праекце “Біржа моладзевых ініцыятыў”. Палохалі, праўда, не толькі загадкавым спісам – яшчэ праблемамі з вучобай, непаступленнем у ВНУ і нават тым, што пад маркай адукацыйнага курса хаваецца хітрая сістэма гандлю людзьмі.
Большасць бацькоў “апеку” з боку школьнай адміністрацыі зразумела правільна і прымусіла дзяцей забраць заявы. Адзін бацька расказвае: “Мне званілі са школы, але не толькі адтуль (робіць паўзу і дае зразумець, адкуль яшчэ маглі званіць). Прапанавалі палічыць, колькі будзе каштаваць паездка сына арганізатарам. Сапраўды, навошта ім гэта? Пасля гэтага пазванілі яшчэ з адміністрацыі школы і класны кіраўнік. Я чалавек ціхі, нават у латарэі не граю – навошта мне праблемы з дзяржавай? Захоча мой сын паехаць у Польшчу – я лепш сам аплачу паездку”.
Яшчэ адзін бацька, якому званілі, праўда, толькі са школы, перадае сутнасць размовы са смехам: “Званілі дырэктар і класны кіраўнік. Настойліва рэкамендавалі не пускаць дачку за мяжу, бо яна можа стаць ахвярай палітычных інтрыг”. Мужчына дадае, што ўсё, канешне, глупства, хай бы ехала, паглядзела свет, аднак настаўленням паддалася жонка ды не падпісала дазвол на выезд.
Сярод апытаных бацькоў былі і такія, якім ніхто са школ не званіў: “Мы ўжо збіраліся ісці афармляць дазвол на выезд, муж з работы сарваўся… А дачка пазваніла і сказала, што ўжо не едзе. Не ведаю, чаму перадумала, зараз прыду і буду з ёй размаўляць”, – трохі разгублена адказала на нашы пытанні маці патэнцыйнай удзельніцы праекту.
Перадумала, бо размовы праводзіліся не толькі з бацькамі.
“Дырэктар сцвярджала, што нас вярбуе БНФ”
Можа, на праект “Біржа моладзевых ініцыятыў” і не звярнулі б такой пільнай увагі, каб не абставіны: арганізатарам з беларускага боку было АРР “Дзедзіч”, дырэктар якога, Зміцер Шыманскі, адначасова ачольвае абласную арганізацыю Партыі БНФ. Што “Дзедзіч” і Партыя, у сваю чаргу, дзве вялікія розніцы, не мае для дзяржаўных органаў асаблівага значэння.
З аповеду ўдзельніцы праекту Святланы: “Нас адгаворвалі вельмі настойліва. Аргументы: мы нікуды не паступім, на працу не возьмуць, занясуць у спісы КДБ. Дырэктар сцвярджала, што нас вярбуюць бээнэфаўцы. Паднялі на вушы усіх! Бацькоў, класных кіраўнікоў, кіраўнікоў гурткоў, у якія мы ходзім, і астатніх настаўнікаў. У школе цяпер жартам мяне называюць ворагам народа і апазіцыянеркай”.
Калі шчыра, то і арганізацыі ад “Дзедзіча” патрабавалася няшмат – аб’явіць конкурс на ўдзел, адабраць прэтэндэнтаў з наймацнейшай матывацыяй і аформіць ім візы. Рэалізацыя ўласна праекта цалкам ляжала на польскай фундацыі “Шчаслівае дзяцінства”. Чаму фундацыя звярнулася за падтрымкай менавіта да “Дзедзіча”? Відаць, проста таму, што з няўрадавай арганізацыяй прасцей мець справу, чым з Міністэрствам адукацыі, якое тугадумна ператраўлівае любую прапанову, што сыходзіць з боку Еўразвяза.
Пра ідэалагічную апрацоўку вучняў расказвалі многія з тых, хто падаваў заяўкі на ўдзел. Аргументы дырэктароў і завучаў усіх школ дзіўным чынам супадалі, а гэта не можа не наводзіць на думку, што ў гэтых аргументаў растуць агульныя ногі. Ды і спіс удзельнікаў праекту трапіў у адміністрацыі берасцейскіх школ не ад Зміцера Шыманскага.
“Умешваць дзяцей у палітыку непрыстойна”
Мы пазванілі дырэктарам дзвюх брэсцкіх школ, дакладна ведаючы, што там быў уплыў на дзяцей і бацькоў. Дырэктар школы №28 Аляксандр Лазарук запэўніў, што ні пра якую паездку ў Польшчу сваіх вучняў не ведае і нават папрасіў нас расказаць, пра які праект ідзе гаворка. Асаблівага даверу запэўніванні школьнага начальніка не выклікалі па дзвюх прычынах: 1) сумніўна, што без яго ведама пачыналі б кампанію абзвону бацькоў. А ўлічваючы сітуацыю ў дзяржаўных органах, калі ўсякая ініцыятыва караецца, такі факт нават не сумніўны, а малаверагодны; 2) для выезду за мяжу вучням трэба было ўзяць у школе даведку пра тое, што яны з’яўляюцца вучнямі. Даведку павінен падпісаць дырэктар.
Больш шчырай і канкрэтнай аказалася дырэктарка школы №29 Алена Старык. Яна не стала аспрэчваць факт гутаркі з кожным з бацькоў і патлумачыла ўмяшальніцтва ў прыватныя справы вучняў так: “Мы адказваем за іх жыццё і здароўе нават падчас канікулаў, і мы абавязаны ведаць, куды яны едуць. У рэшце, праграму па супрацьдзеянні гандлю людзьмі ніхто не адмяняў. Мы званілі бацькам з адзінай мэтай – упэўніцца, што яны ведаюць, куды накіроўваюцца іх дзеці. І аказалася, што большасць не ведае. Адны нават думалі, што паездку арганізоўвае школа”.
Алена Мікалаеўна падкрэслівае, што пакуль дзеці не дасягнулі поўнагадовасці, усе рашэнні за іх юрыдычна прымаюць бацькі, а значыць арганізацыям, што ладзяць выезд падлеткаў за мяжу, трэба кантактаваць не толькі з імі, але і іх дарослымі прадстаўнікамі. (З гэтым, дарэчы, дырэктар “Дзедзіча” З. Шыманскі пагаджаецца і абяцае прыняць заўвагу ў разлік пры арганізацыі наступных выездаў падлеткаў).
Аргументы дырэктара слушныя і ў іншым кантэксце: калі б бацькі мелі зносіны напрамую з арганізатарамі, задалі ўсе пытанні, то наўрад ці ім бы змаглі задурыць галаву намёкамі пра недобрасумленнасць намераў “Дзедзіча” і фундацыі “Шчаслівае дзяцінства”. Праўда, самі бацькі нешта не надта імкнуліся дакапацца да ісціны. Сказана не ехаць – значыць не ехаць.
30 падлеткаў, нягледзячы на ўсё, прынялі-такі ўдзел у праграме “Біржа моладзевых ініцыятыў”. Таму нам было каму пераадрасаваць пытанне, якія такія праекты павінны рэалізаваць маладыя людзі пасля вяртання.
“Нас вучылі дзейнічаць у камандзе, прапаноўваць розныя ініцыятывы і ажыццяўляць іх, – распавядае Марына.– Ёсць, напрыклад, ідэя арганізаваць гульню ў хованкі. Ідэя закідваецца на аўкцыён (біржу), дзе яе могуць перакупіць і рэалізаваць іншыя каманды. За ўсё гэта налічваюцца балы. Чым больш у каманды балаў – тым лепшую і цікавейшую ідэю можна купіць на біржы. Якія ініцыятывы з’яўляюцца на біржы зараз? Розныя: арганізаваць гульню ў баскетбол, выехаць у лес на пікнік, правесці піжамную вечарыну…” І колькі яшчэ прыкладаў ні прыводзіла Марына, убачыць штосьці палітычнае (ды што там – нават проста сур’ёзнае) мы сярод іх не здолелі. Крэатыўная міжнародная моладзевая гульня – і толькі. Нават крыўдна стала за наш КДБ: якімі справамі прыходзіцца займацца – ратаваць свет ад гульні ў хованкі!
Р.S. Мы ні ў якім разе не заклікаем школу заплюшчваць вочы на бяспеку дзяцей – тым больш, што праблема гандлю людзьмі сапраўды застаецца актуальнай. Аднак, як паказвае практыка, вучняў адгароджваюць не ад гвалту, а ад палітыкі і вальнадумства. Разумным, адукаваным і, калі не завалодвае страх, харошым людзям у школах не прыходзіць у галаву правяраць, ад чаго яны атрымалі загад бараніць падапечных (ні адзін з дырэктараў пра праграму толкам нічога не ведаў). Яны проста выліваюць вядро бруду на галаву людзей і арганізацый – проста так, для прафілактыкі. Не пытаюцца, а сцвярджаюць. Вось гэта выклікае найбольшае здзіўленне.
І яшчэ. Імёны вучняў змененыя. А то ж ёсць такі –“спіс недабранадзейных” у КДБ, калі верыць адукатарам. Але хіба прыходзіцца сумнявацца ў слове настаўніка?
Тэкст з “Брестского курьера”