Кім Чэн Ір забараніў трансляцыю матчаў Чэмпіянату свету-2010 па футболе. Выключэннем стануць толькі тыя гульні, у якіх нацыянальнай камандзе ўдасца атрымаць перамогу.
Лідэр КНДР Кім Чэн Ір забараніў распаўсюд у краіне інфармацыі пра вынікі матчаў чэмпіянату свету па футболе, у фінальную частку якога паўночнакарэйскай зборнай атрымалася прабіцца ўпершыню з 1966 году.
Пра гэта ў сераду, 25 лістапада, паведаміла газета The Sun. Будуць паказаны толькі тыя гульні, у якіх нацыянальнай камандзе атрымаецца атрымаць перамогу. Тым не менш, нават такія сюжэты будуць праходзіць цвёрдую цэнзуру: поспехам нацыянальнай зборнай паспрабуюць надаць вялікую важкасць, а малюнак рэкламных плакатаў на стадыёнах і заўзятараў будуць размываць.
У гутарцы з выданнем адмысловец па Паўночнай Карэі Майк Брын адзначыў, што паўночнакарэйскія тэлевізійнікі, хутчэй за ўсё, будуць браць спартовыя сюжэты з паўднёвакарэйскіх перадач, а доступ да прамых спадарожнікавых трансляцый будуць мець толькі прадстаўнікі кіруючай эліты. У выпадку пройгрышаў, лічыць ён, простыя жыхары КНДР не змогуць даведацца нават пра тое, хто стане пераможцам чэмпіянату.
The Sun адзначае, што новаўвядзенне закране не толькі футбольнае першынства, але і любыя іншыя спаборніцтвы, якія будуць праходзіць за межамі КНДР.
Апошняй мерай, якую Кім Чэн Ір распачаў супраць СМІ, стала звальненне кіраўніка ўрадавага рэкламнага камітэта. Лідэр КНДР палічыў, што рэклама, якую з лета 2009 году дэманструюць па нацыянальным тэлебачанні, занадта моцна нагадвае «капіталістычную».
Паводле “Хартыі-97”.
Ну то жадаю камандзе Карэі перамагаць, каб бедныя карэйцы ва ўмовах дыктатуры хоць футбол змаглі паглядзець!