Адукацыя

Беларусь не ўзялі ў Балонскі працэс

Працоўная група Балонскага працэсу, якая займаецца бягучымі пытаннямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, разгледзіла беларускую заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу.

“Беларусь яшчэ не гатовая далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі”, — такі вердыкт вынесла працоўная група. Паседжанне групы, якая прадстаўляе ўсе 47 краін-удзельніц Балонскага пагаднення, прайшло 18–19 студзеня ў Капенгагене.

Паводле ацэнкі Працоўнай групы, якую цяпер узначальваюць Данія і Азербайджан, Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Міністар адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад, што цяпер узначальвае Працоўную групу, адзначае, што для далучэння да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Беларусь мусіць правесці «неабходныя рэформы».

Акрамя іншага, беларускія ўлады мусяць «забяспечыць абарону правоў студэнтаў». А пакуль гэтага не адбудзецца, Еўропа будзе ўзаемадзейнічаць з нашай краінай праз іншыя шляхі:

«Ёсць іншыя шляхі дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці студэнтам і акадэмічнай супольнасці, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністра навукі, інавацый і вышэйшай адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад. — Данія падтрымлівае і працягне падтрымліваць the Open Europe Scholarship Scheme, якая дазваляе маладым беларусам атрымаць доступ да вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах».

Падрабязней глядзіце тут.

Пакінуць адказ